Лябедзька: Нельга прымаць удзел у псеўдавыбарах ў ілжэпарламент
18- 30.08.2012, 13:08
Увечары 29 жніўня спікеры Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Юрый Хашчавацкі правялі пікет-сустрэчу з жыхарамі мікрараёна «Вяснянка».
Да 19 гадзін на пляцоўцы перад крамай «Суседзі» ГЦ «Вяснянка» сабраліся журналісты і назіральнік ад АБСЕ. Праз пяць хвілін з'явіліся Анатоль Лябедзька і Юрый Хашчавацкі, а таксама пераносны транспарант «За сумленныя выбары без «Лукашэнкі». Лідэр АГП падняўся на парапет і звярнуўся да мінакоў. Так пікет трансфармаваўся ў мітынг, піша сайт АГП.
Неўзабаве вакол імправізаванай трыбуны сабралася больш за 50 чалавек. Праўда, многія вырашылі глядзець за тым, што адбываецца здалёк. Магчыма, іх бянтэжылі 5 відэакамер, адна з якіх мела прыналежнасць да сілавых ведамстваў.
Лябедзька і Хашчавацкі распавядалі менчукам пра непрафесійную палітыку ў эканоміцы, пра атлусцелую наменклатуру, пра сталінскі працэс над Зміцерам Дашкевічам, пра лёс беларускіх палітвязняў. І выснова, якая гучала пастаянна - нельга прымаць удзел у псеўдавыбарах ў ілжэпарламент!
Сярод прысутных былі розныя людзі. Але большасць з іх пазітыўна ўспрыняла пасланне не ўдзельнічаць у «выбарах» і агітаваць іншых за байкот.
Як адзначыў Анатоль Лябедзька, «Мы працягнем практыку такіх сустрэч. Тут важна браць ініцыятыву на сябе і звяртацца наўпрост да людзей. Вы ж бачыце, што іх рэакцыя пазітыўная. А гэта і ёсць сярэднестатыстычны выбаршчык».