9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Яскевіч: «Дык, можа, досыць ужо быць варонамі!»

10
Ірына Яскевіч: «Дык, можа, досыць ужо быць варонамі!»

У нашай краіне выбары сталі фарсам. Не адзін раз мы ўжо гулялі ў гэтую дзяржказку, якая стала ўжо шматсэрыйнай.

Сёння сваімі думкамі з сайтам charte97.org падзялілася грамадская актывістка з Віцебска Ірына Яскевіч.

- Якая на сённяшні дзень сітуацыя на Віцебшчыне? Ці адчуваецца пара «выбараў»?

- Людзі яшчэ не адчуваюць, што надышла пара выбараў. Яны не заўважаюць гэтай падзеі ў поўным аб'еме ды, пэўна, і не хочуць заўважаць. Яны  былі ўжо не адзін раз на «выбарах» і з кожным разам пераконваюцца, што тыя  кандыдаты, за якіх яны хадзілі галасаваць, ніколі не станавіліся дэпутатамі.  

- А якая ваша пазіцыя зараз што да «выбараў»?

- Я як актыўная грамадзянка сваёй краіны была  кандыдатам у «палатку» ў 2008 годзе, калі спадзяваліся, што нехта з нас туды ўсё ж такі будзе дапушчаны.  Я не памылілася, менавіта дапушчаны. На сённяшні дзень я - сябра АГП. У нас у партыі была выпрацавана пэўная стратэгія да «выбараў». Я таксама буду кандыдатам у «палатку», але мы разумеем, што таксама не будзем выбраныя. І будзем  здымаць свае кандыдатуры за некалькі дзён да галасавання. Мы будзем казаць людзям так, як казаў Лукашэнка на пачатку сваёй дзейнасці: «Не хадзіце, усё адно падмануць».

- Ці можаце вы даць простаму чалавеку які-небудзь рэцэпт ад чарговага выбарчага падману?  

- Тут мне ўзгадваецца класічная байка пра варону. І я не буду тут нават казаць, хто варона, а хто дыктатар. І гэта байка адпавядае сённяшняй нашай сітуацыі. Вось прыходзіць хітры ліс да  вароны і пытаецца: «Варона ты будзеш удзельнічаць у выбарах?» Варона адказвае: «Так!» Пакуль варона разважае, навошта яна так зрабіла, хітры ліс есць сыр і кажа: «Не хвалюйся, варона, нічога б не змянілася, калі б ты сказала «не». Дык, можа, досыць ужо быць варонамі! Годзе ўжо хадзіць! Нам трэба адказаць самім сабе, а ці трэба нам такая «палатка»?

- Дык так званы «прэзідэнт» сказаў, што 30% «дэпутатаў» трэба пакінуць.

- І гэта неяк жахліва, што мы з вамі ўжа жартуем пра гэтыя 30%. Дык няхай застануцца ўсе. Але разумеюць, што яны гуляюць у свае гульні. Іх зусім не хвалюе жыццё людзей.

- Скажыце, чым скончылася гісторыя, калі пасля Народных сходаў падатковая інспекцыя пачала патрабаваць у вас дэкларацыю за апошнія 10 год?

- Яна яшчэ не скончылася. Не ведаю, ці мяне «растраляюць» ці, папалохаўшы, адпусцяць.

- Ці паўплывалі нейкім чынам Народныя сходы на людзей у Віцебску?

- Народныя сходы далі людзям надзею. Такая акцыя была ўпершыню. На мой погляд, яна была вельмі ўдалая. Мы галасавалі, мы прымалі рэзалюцыю. І большасць пунктаў той рэзалюцыі была прыдумана не намі, гэта былі прапановы людзей. І калі на пачатку людзі меркавалі, што праблемы ў іх двары, у іх на працы, то пасля яны прыйшлі да разумення, што праблема ў кіраўнічай уладзе. У нашай рэзалюцыі яны выказвалі недавер кіраўнічым органам, запатрабавалі мараторыю на смяротнае пакаранне. Яны адчулі сябе не проста людзьмі, а грамадзянамі.

- Дык з якім пасланнем вы пойдзеце на «выбары»?

- Тут нечым сваім ганарыцца не выпадае, бо лінія выпрацаваная партыяй. І я з ёй згодна, што выбары сталі фарсам. Не адзін раз мы ўжо гулялі ў гэтую дзяржказку, якая стала ўжо шматсэрыйнай. Таму буду заклікаць не хадзіць на «выбары».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках