Антоніа Мілашоскі: Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць вяла
11- 10.09.2012, 11:29
На думку кіраўніка місіі доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ ў Беларусі, парламенцкая кампанія ў краіне праходзіць з «вельмі малым узроўнем актыўнасці».
«Улічваючы, што «выбары» адбудуцца літаральна праз некалькі тыдняў, можна сцвярджаць, што выбарчая кампанія праходзіць з вельмі малым узроўнем актыўнасці», - сказаў Антоніа Мілашоскі ў эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН.
Мілашоскі адзначыў, што місія назіральнікаў, якая працуе ў Беларусі з 21 жніўня, устанавіла пастаянную сувязь з Цэнтрвыбаркамам, МЗС, Міністэрствам інфармацыі, Вярхоўным судом і іншымі зацікаўленымі бакамі.
«Мы атрымліваем дастаткова шмат інфармацыі, - сказаў кіраўнік місіі. - Але ў той жа час мне б хацелася падкрэсліць, што гэта не адзіныя крыніцы нашай інфармацыі. Наш мандат дае нам магчымасць атрымліваць інфармацыю ад палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, журналістаў, асобных кандыдатаў у дэпутаты. І, вядома ж, сродкі масавай інфармацыі, як друкаваныя, так і электронныя, з'яўляюцца для нас каштоўнай крыніцай інфармацыі. З самага пачатку працы місіі мы займаліся маніторынгам СМІ для атрымання патрэбнай інфармацыі».
Мілашоскі паведаміў, што ў цяперашні час місія завяршае працу над прамежкавай справаздачай аб ходзе выбарчай кампаніі ў Беларусі.
«Ён будзе гатовы і даступны для ўсіх 13 верасня. Справаздача будзе змяшчаць інфармацыю адносна юрыдычных аспектаў выбараў, медыааспектаў, адносна рэгістрацыі кандыдатаў і ўсяго астатняга, што было за гэты час выбарчай кампаніі, - сказаў Мілашоскі. - У цяперашні час мы ўсё яшчэ аналізуем інфармацыю , якая паступае ад нашых доўгатэрміновых назіральнікаў у рэгіёнах. У бліжэйшыя некалькі дзён сістэматызуем усю гэтую інфармацыю і прадставім яе».
Адказваючы на пытанне пра асаблівасці «выбараў» у Беларусі, кіраўнік місіі адзначыў, што ў кожнай краіне «свой погляд на выбарчую кампанію і свой выбарчы кодэкс», таму прынцыпы арганізацыі выбараў адрозніваюцца.
У якасці прыкладу Антоніа Мілашоскі прывёў сваю краіну - Македонію, дзе кіраўнік Цэнтрвыбаркаму прызначаецца самай буйной апазіцыйнай партыяй, а не прэзідэнтам, як у Беларусі, і ўхваляецца парламентам. «Па-другое, у Македоніі шэсць выбарчых акругаў, ад кожнай з якіх абіраюцца па 20 прадстаўнікоў парламента. І, па-трэцяе, выбарчыя спісы даступныя грамадскасці, таму патэнцыйныя выбаршчыкі, калі знаходзяць сябе ў спісе, ідуць галасаваць. Калі не знаходзяць сябе, яны могуць падаць скаргу ў выбарчую камісію і патрапіць у гэтыя спісы», - распавёў Мілашоскі.
Ён таксама звярнуў увагу на «неабмежаваныя магчымасці» у Македоніі як кандыдатаў у доступе да СМІ, так і саміх масмедыя. «Гэта значыць, колькасць сустрэч з кандыдатамі, з выбаршчыкамі, колькасць інтэрв'ю не абмежавана», - падкрэсліў кіраўнік місіі доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ.