ЗША ўзгадваюць ахвяр тэракту 11 верасня
8- 11.09.2012, 9:47
У аўторак, 11 верасня, спаўняецца 11 гадоў з дня найбуйнейшага тэракту ў гісторыі ЗША.
На гэты дзень прызначаны жалобныя мерапрыемствы, якія сталі ўжо традыцыйнымі, прэзідэнт Барак Абама ўшануе памяць ахвяраў тэракту.
11 верасня 2001 года смяротнікі з тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» захапілі чатыры пасажырскіх самалёта. Два з іх яны накіравалі на вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Йорку. Яшчэ адзін - на Пентагон, чацвёрты паваліўся ў штаце Пенсільванія, як мяркуецца, яго мэтай быў Белы дом або Капітолій. Па дадзеных следства, пасажыры і члены экіпажа чацвёртага самалёта аказалі супраціў тэрарыстам і здолелі прадухіліць тэракт. Самалёт разбіўся ў бязлюдным месцы, а ўсе людзі, якія знаходзіліся там, загінулі.
Усяго, паводле афіцыйных дадзеных, ахвярамі падзей 11 верасня сталі 2 тысячы 974 чалавека. Яшчэ 24 лічацца прапаўшымі без вестак.
Таксама загінулымі пры тэрактах лічацца 19 баявікоў-смяротнікаў, паведамляе РІА Новости.
Прозвішчы ахвяр у аўторак зачытаюць падчас цэрымоніі на месцы разбураных вежаў-блізнят, так званым Ground Zero, дзе размешчаны мемарыяльны комплекс. Спіс па традыцыі зачытваюць сваякі загінулых. Кожны з іх вымаўляе некалькі імёнаў, а затым перадае слова наступнаму.
Раніцай, у 16:46 па маскоўскім часе, прэзідэнт і першая лэдзі ЗША разам з усёй краінай ушануюць памяць загінулых хвілінай маўчання. Затым Барак і Мішэль Абама адправяцца ў Пентагон, дзе прымуць удзел у цэрымоніі памяці ахвяр трагедыі.
Жалобныя мерапрыемствы пройдуць у Шанксвіле, куды адправіцца віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн. А таксама, зразумела, у Нью-Йорку. У гэтым годзе ўпершыню на памятных мерапрыемствах не будуць выступаць палітычныя дзеячы.
Як адзначыў дырэктар Фонду нацыянальнага мемарыяла і музея 11 верасня Джо Дэніелс, уся ўвага будзе сканцэнтравана на чытанні імёнаў загінулых членамі іх сем'яў. Хоць чакаецца, што палітыкі на цэрымоніі прысутнічаць усё ж будуць. Сярод іх мэр Нью-Йорка і губернатар штата Нью-Йорк. Пасля заходу ў неба над востравам Манхэтэн паднімуцца два магутных промня пражэктараў, сімвалізуючы знішчаныя небаскробы.