Не будзь скотам! (Фота)
17- 11.09.2012, 13:28
У Брэсцкай вобласці актывісты расклеілі ўлёткі за байкот «выбараў».
У паштовых скрынях бярозаўцаў з'явіліся ўлёткі з заклікам да байкоту ад «Беларускай салідарнасці». У назве ўлётак у Бярозе ўзятыя словы з песні Ляпіса Трубяцкога «Не быць скотам». Улётка суправаджаецца фатаграфіяй, дзе палкоўнік беларускай арміі прыслугоўвае Колі Лукашэнке і адкрывае перад ім дзверы аўтамабіля, перадае «Радыё Рацыя».
«Прыводзіцца параўнанне, што людзі, якія працуюць у выбарчых камісіях, падобныя на гэтага палкоўніка. Верагодна, на кагосьці яны паўплываюць, на кагосьці не. На тых, хто збіраецца ісці на «выбары», наўрад ці гэта істотна паўплывае. А на тых, хто сумняваецца, можа паўплываць так, што яны не пойдуць на «выбары», - сказаў адзін з актывістаў.
Яшчэ раней у паштовых скрынях гараджан былі ўлёткі «Байкот такой уладзе». Як сказала адна з гаспадынь, у чыёй скрыні ляжала такая ўлётка, інфармацыя пра байкот людзям не пашкодзіць, бо «кропля і камень точыць».
Як стала вядома charter97.org, актывісты таксама расклеілі плакаты з цытатай Лукашэнкі «Я ні за каго не буду галасаваць. Усё роўна падмануць. Я не пайду галасаваць!» і заклікам да байкоту ў Іванава.








