Сяргея Каваленку абакралі ў калоніі
4- 11.09.2012, 13:28
Палітвязень збіраецца падаць скаргу ў сувязі са знікненнем часткі сваіх рэчаў.
Рэчы зніклі, калі ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары, а потым у медыцынскай частке калоніі №19 у Магілёве, у якой ён адбывае пакаранне, паведамляе «Радыё Рацыя».
Пра гэта даведалася жонка палітвязня Алена Каваленка.
«Засталіся толькі цёплыя рэчы. Сумка з усімі астатнімі рэчамі сапраўды знікла. Атрымліваецца, што ў выпадку з Сяргеем не трэба, каб быў парадак. Паколькі ў яго статус злоснага парушальніка, то да Сяргея ў калоніі прадузятае стаўленне з боку адміністрацыі. Усё гэта тлумачыцца менавіта гэтым», - сказала яна.
Тлумачэнні аб тым, што вынясенне яму спагнанняў з'яўляецца вынікам прадузятага стаўлення да яго з боку адміністрацыі калоніі № 19, Сяргей Каваленка даваў, на думку яго жонкі, у сувязі з праверкай скаргаў у пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў.
Па яе звестках Сяргей Каваленка знаходзіцца ў атрадзе калоніі, але пакуль не працуе з-за дрэннага стану здароўя. У дадатак да іншых хвароб у яго выяўленая грыжа. Здароўе Сяргея Каваленкі моцна пагоршылася пасля працяглай галадоўкі, якую ён правёў у знак пратэсту супраць свайго арышту і асуджэння.