Брытанскі віцэ-прэм'ер папрасіў прабачэння за нявыкананыя абяцанні пад музыку (Відэа)
14- 21.09.2012, 10:01
Відэаролік стаў хітом інтэрнэту.
Новым хітом інтэрнэту стала апрацаванае інтэрнэт-ўмельцамі відэа, на якім лідэр брытанскіх ліберальных дэмакратаў Нік Клег пад музыку просіць прабачэння за нявыкананыя палітычныя абяцанні, піша newsru.com.
Асабліва цікава, што менавіта са згоды самога віцэ-прэм'ера дадзены ролік і трапіў у глабальную сетку.
Раней на гэтым тыдні намеснік кіраўніка дзеючага кааліцыйнага ўрада Нік Клег публічна папрасіў прабачэння за тое, што «даў абяцанне, не будучы сапраўды ўпэўнены ў магчымасці яго выканання». Гаворка ідзе пра перадвыбарныя заявы пра тое, што ў выпадку прыходу да ўлады ён больш не дапусціць росту кошту адукацыі.
Аднак пасля таго, як у гэтым годзе кааліцыя ўсё ж была вымушана пайсці на гэты крок і павялічыць максімальную штогадовую плату за навучанне ў ВНУ да 9 тысяч фунтаў (14,6 тысячы даляраў), намеснік Дэвіда Кэмерана апынуўся ў патавай сітуацыі.
Выбаршчыкі не прамінулі нагадаць, што Клег груба парушыў свае ж перадвыбарныя абяцанні, і запатрабавалі ад яго тлумачэнняў.
У спробе вярнуць прыхільнасць грамадзян лідэр партыі вырашыў папрасіць прабачэння. Аднак большасць сустрэла яго словы скептычна. «Занадта запознены крок», - казалі выбаршчыкі, сярод якіх найбольш непрымірымую пазіцыю занялі, што і зразумела, студэнты.
Тым не менш, уся гэтая гісторыя, цалкам магчыма, і забылася б ужо праз некалькі дзён, калі б адзін з сатырычных сайтаў Велікабрытаніі не вырашыў «творча перапрацаваць» пасланне віцэ-прэм'ера.
У выніку 2,5-хвілінны ролік забяспечылі вясёлай поп-музыкай, пры гэтым голас самога Клега быў камічна зменены і «падагнаны» пад патрэбныя матыў і рытм.
Ужо праз некалькі гадзін пасля стварэння відэа набрала некалькі тысяч праглядаў, прычым не толькі ў Злучаным Каралеўстве, але і за яго межамі.
Аднак якое ж было здзіўленне інтэрнэт-карыстальнікаў, калі першапачаткова забаўляльны ролік неўзабаве з'явіўся ў медыяплэеры ITines кампаніі Apple і стаў распаўсюджвацца «афіцыйна». Высветлілася, што гэта сам Клег даў згоду на прайграванне відэа ў інтэрнэце - пры ўмове таго, што ўсе атрыманыя сродкі пойдуць на дабрачыннасць.
Блізкая да лідэра лібдэмаў крыніца ў сувязі з гэтым ужо паведаміла, што актыўна набіраючае зараз прагляды ў інтэрнэце відэа - «яшчэ адзін спосаб данесці (агучанае Клегам) пасланне».