9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не ўдзельнічайце ў выбарчым фарсе

41
Не ўдзельнічайце ў выбарчым фарсе

АГП, БХД, прафсаюз РЭП, «Беларускi рух», «Малады Фронт» і Рада беларускай інтэлігенцыі выступілі з сумесным заклікам да грамадзян.

Заклік апазіцыянераў - «Не ўдзельнічайце ў выбарчым фарсе!».

Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі лідэраў гэтых арганізацый.

Намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка не змог прысутнічаць на прэс-канферэнцыі, паколькі хаваецца ад супрацоўнікаў сілавых структур, якія праяўляюць павышаную ўвагу да яго асобы, перадае «Радыё Свабода».

Дземідзенка перадаў сваю заяву іншым удзельнікам прэс-канферэнцыі. У ёй сказана: «Па ўжо даўняй традыцыі перад «выбарамі» пачынаецца ізаляцыя моладзевых актывістаў. Маладафронтавец Зміцер Крамянецкі ўжо за кратамі, спрабуюць ізаляваць і іншых сябраў «Маладога фронту». Чаго баіцца Лукашэнка? Адказу няма, гэта проста хвароба. Удзельнічаць у гэтых «выбарах» могуць толькі людзі з відавочнымі праблемамі або ў стане афекту. Байкот быў і застаецца адзіным верным рашэннем».

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў:

«Гэта была горшая палітычная кампанія ў гісторыі Беларусі. Ніколі палітычныя партыі не здымаліся з выбарчай кампаніі, ніколі не было такога, што ў эфір не выходзілі выступленні кандыдатаў. Жаданне Лукашэнкі сканцэнтраваць у сваіх руках усю ўладу прывяло да поўнага крызісу выбарчай сістэмы. Гэта тупік. Трэба альбо вярнуцца да выбараў, альбо адмовіцца ад іх імітацыі, сведкамі якой мы былі».

Лідэр АГП таксама заявіў аб неабходнасці спыніць назіранне за беларускімі «выбарамі» з боку АБСЕ. Паводле яго слоў, справаздачу аб «выбарах» у краіне можна зрабіць, знаходзячыся ў Рыме ці Вільні і не прыязджаючы ў Беларусь.

Анатоль Лябедзька адзначыў, што АБСЕ перад тым як прыязджаць у Беларусь для назірання за «выбарамі» павінна даць беларускім уладам хатняе заданне - прывядзенне беларускага заканадаўства да стандартаў АБСЕ і вызваленне палітвязняў. На яго думку, улады пойдуць на гэта, так як Еўропа больш патрэбная Менску, чым Менск Еўропе. «Мы не патрабуем сабе якіх-небудзь прэферэнцый, мы патрабуем вярнуць у краіну свабодныя выбары», - сказаў ён.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што свабодных выбараў не можа быць у сітуацыі, калі ў турмах сядзяць апаненты Лукашэнкі:

«Гэтыя людзі маюць такое ж права ўдзельнічаць у выбарчым працэсе. Ізаляцыя апанентаў рэжыму з'яўляецца падставай для таго, каб не прызнаць гэтыя «выбары» ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі».

Вацлаў Арэшка з «Беларускага руху» сказаў, што байкот дзейнічае:

«Гэта ўсеагульны рэферэндум недаверу да рэжыму. Стаўленне людзей да ўлады сур'ёзна змяняецца. Гэта пачатак шляху для паступовай змены умоў наступных выбараў, прэзідэнцкіх».

«Байкот у галовах людзей адбыўся», - адзначыў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Прафсаюзны лідэр звярнуўся праз СМІ да беларусаў:

«Людзі, калі вы паважаеце сябе, калі вы такія ж грамадзяне РБ, як і «прызначаныя» уладай кандыдаты, раю вам: не хадзіце на выбарчыя ўчасткі! Улада вас выкарыстоўвае ў сваіх карыслівых мэтах».

Па словах Анатоля Лябедзькі, незалежным назіраннем будзе ахоплена 1000-1500 участкаў па краіне. Гэта дастаткова, каб зафіксаваць байкот выбаршчыкамі гэтых «выбараў», нягледзячы на тое, якія лічбы абвесцяць улады.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках