Віцебскіх «хімікаў» адпраўляюць працаваць на МАЗ
26- 21.09.2012, 15:17
20 верасня ў папраўчых установах адкрытага тыпу № 11 і 12 раніцай панавала незвычайнае ажыўленне.
На агульным сходзе начальнік установы ўрачыста абвясціў, што паступіла пісьмовае ўказанне з УДВП па Віцебскай вобласці аб неабходнасці арганізаваць адпраўку групы асуджаных у Менск для працы на Менскім аўтамабільным заводзе і пераводзе іх у адпаведную папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 55 Менска пры МАЗе, паведамляе чытач «Нашай Нiвы».
Потым пачалося самае цікавае - асуджаных па адным выклікалі ў кабінет начальніка ў адпаведнасці з загадзя складзеным спісам «шчасліўчыкаў».
Людзі былі ў шоку і не разумелі, што адбываецца.
У размове з асуджанымі начальнік установы, падпалкоўнік Шапураў А.М. распавядаў аб неабходнасці паездкі, апісваў усе бонусы і выгоды. Пры адсутнасці згоды з боку спецкантынгенту размова пераходзіла у больш жорсткую форму: пагрозы вар'іраваліся ад забароны на выхад у выходныя з установы ў горад да «будзеш сядзець тут да званка». Тое, што чалавек працуе ў Віцебску, мае працоўныя адносіны і абавязацельствы па працоўнай дамове або кантракту з працадаўцам, у разлік не бралася. Наяўнасць сям'і ў Віцебску і бліжэйшых раёнах таксама ігнаравалася.
І начальнік, і намеснік начальніка маёр Васіль Стасельскі, калі заканчваліся сумніўныя аргументы на карысць пераводу на МАЗ, у істэрыцы спасылаліся на «грозную паперу» з УДВП і казалі «усё роўна паедзеш, незалежна ад жадання».
Мабыць, зусім дрэнна ідуць справы на МАЗе, раз затыкаюць кадравыя дзіркі «хімікамі». Дарэчы, тым «хімікам», хто датэрмінова не прагаласуе сёння, таксама пагражаюць спагнаннямі.