Апошняя дыктатура вырашыла павучыць Еўропу
28- 21.09.2012, 17:19
Беларускія чыноўнікі раскрытыкавалі ў ААН Польшчу, Нідэрланды і Велікабрытанію.
Афіцыйны Менск заклікаў Велікабрытанію, Нідэрланды і Польшчу больш самакрытычна ацэньваць захаванне праў чалавека ў сваіх краінах.
«У рамках 21-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у абмеркаванні дакладаў Велікабрытаніі, Нідэрландаў і Польшчы па Універсальнаму перыядычнаму агляду СПЧ», паведамілі ў міністэрстве замежных спраў Беларусі.
«Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі адзначылі, што сітуацыя з правамі чалавека ў гэтых краінах далёкая ад ідэальнай, у іх існуе дастаткова падстаў для крытычнай самаацэнкі», адзначылі ў МЗС.
«Як падкрэсліў беларускі бок, Польшчы неабходна адрэагаваць на заклік Еўрапейскага суда па правах чалавека высветліць сітуацыю з сакрэтнымі турмамі ЦРУ на сваёй тэрыторыі, умовамі ўтрымання і катаваннямі ў гэтых турмах. Беларуская дэлегацыя звярнула таксама ўвагу польскага боку на неабходнасць барацьбы са шматлікімі праявамі ў Польшчы актаў расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і нецярпімасці, у тым ліку з боку супрацоўнікаў паліцыі», падкрэслілі ў МЗС.
«Адзначана парушэнне права на свабоду сумлення і веравызнання ў Велікабрытаніі, а таксама адсутнасць сацыяльнай абароны найбольш уразлівых слаёў грамадства, у тым ліку дзяцей, моладзі і мігрантаў», праінфармавалі ў МЗС.
«У дачыненні да Нідэрландаў увага была прыцягнута да выпадкаў уцягвання ў прастытуцыю непаўналетніх падлеткаў, у тым ліку з асяродзьдзя мігрантаў», паведамілі ў МЗС.