Новы «чорны спіс» на мяжы
2- 27.09.2012, 12:41
На беларуска-літоўскай мяжы затрымалі і даглядзелі Анатоля Лябедзьку і кіраўніка выканкама АГП Аксану Крышчановіч.
«Затрыманне працягвалася больш за дзве гадзіны. Хвілін сорак нам наогул ніхто не мог уцямна растлумачыць, што адбываецца. Як аказалася пасля, чакалі распараджэнняў з Менска. Прыйшла дэпеша на правядзенне поўнага дагляду. Нас даглядзелі з прыхільнасцю: аўтамабіль, рэчы, потым адвялі ў асобнае памяшканне, дзе ў прысутнасці сведак правялі асабісты дагляд. Як сказана ў маім акце, - з «прамацаваннем швоў і падшэўкі». Як аказалася, зараз уведзена новая форма папер аб правядзенні асабістага мытнага дагляду. Калі раней усё змяшчалася на адзін ліст, то цяпер цэлых чатыры», - распавяла Аксана Крышчановіч сайту ucpb.org.
Старшыня выканкама Аб'яднанай грамадзянскай партыі ўпэўненая, што гэта водгалас мінулай выбарчай кампаніі. «Натуральна, што нічога супрацьзаконнага не знайшлі. Але выехаць з мяжы мы змаглі ўжо пасля трох гадзін ночы, я не выключаю, што следствам выбарчай кампаніі стаў новы чорны спіс, у адпаведнасці з якім у некаторых прадстаўнікоў апазіцыі будзе асаблівы рэжым перасячэння мяжы», - сказала яна.