У яшчэ адной грузінскай турме выявілі супрацоўнікаў-садыстаў
5- 27.09.2012, 15:30
Галоўная пракуратура Грузіі выявіла факты здзекаў над зняволенымі Кутаіскай турмы N16.
Пра гэта паведамляе сайт «Навіны-Грузія».
У ліку затрыманых апынуўся дырэктар папраўчай установы - Зураб Рухая. Разам з ім пад варту былі ўзятыя начальнік рэжыму Давід Нарсія і дзяжурныя інспектары Нікалоза Вахтангішвілі і Георгія Грдзелідзэ, паведаміў на брыфінгу пракурор Шота Ткешэлашвілі. Паводле яго слоў, гэтыя супрацоўнікі былі абвінавачаныя ў катаваннях зняволеных, у тым ліку мелі месца і згвалтаванні. Усім чатыром прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 144-1 КК Грузіі («катаванні»).
Кутаіская турма - ужо другая па ліку папраўчая ўстанова краіны, у якой былі выкрытыя факты катаванняў. Раней у інтэрнэце з'явіліся відэазапісы здзекаў наглядчыкаў Глданскай турмы над вязнямі. На відэа ахоўнікі гвалцяць зняволеных гумовымі дубінкамі і венікам. Таксама ёсць кадры, дзе вялікая група ахоўнікаў па чарзе збівае зняволеных.
Па факце здзекаў, у гэтай турме былі затрыманыя 12 яе супрацоўнікаў. Таксама ў адстаўку былі вымушаныя сысці кіраўнік МУС Бачо Ахалая і міністр па выкананні пакаранняў Хатуна Калмахелідзэ.