«Аўкцыён смерці» адмянілі
33- 27.09.2012, 15:43
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў адступіла пад націскам грамадскасці і не будзе выстаўляць ласёў і іншую дзічыну на аўкцыён.
27 верасня беларускія абаронцы дзікай прыроды перадалі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя петыцыю з больш чым трыма тысячамі подпісаў супраць правядзення аўкцыёну па продажу разавых ліцэнзій на здабычу паляўнічых жывёл.
Нагадаем, таргі былі запланаваны на 28-29 верасня ў рамках міжнароднай выставы-кірмашу «Паляванне і рыбалоўства. Восень-2012».
«Тое, што павінна адбыцца на аўкцыёне, - я лічу, публічны гандаль смерцю, - сказала ў інтэрв'ю БелаПАН экаабаронца Святлана Ішчанка. - Так, у нас узаконеныя квоты на адстрэл жывёл, але хай паляўнічыя выкупляюць ліцэнзіі ў сваіх арганізацыях, хай гэтыя арганізацыі запытваюць за іх той кошт, які лічаць патрэбным. Але рабіць з гандлю смерцю шоў недапушчальна - гэта цынізм».
На глабальнай платформе Change.org актывісты збіралі подпісы пад петыцыяй за адмену «аўкцыёну смерці», ініцыяванага Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў (БТПР). Аўтары петыцыі Ганна Пячкоўская і Ірына Сіняпкіна называюць аўкцыён «брудным бізнэсам, які пагаршае разбурэнне дзікага асяроддзя пражывання і знікненне рэдкіх відаў жывёл у дзікай прыродзе».
Як паведаміла Ганна Пячкоўская, БТПР апавясціла экаабаронцаў, што не будзе выстаўляць ласёў і іншую дзічыну на аўкцыён, а пройдуць толькі таргі па продажы паляўнічых тураў. «Гэта добрыя навіны, - лічыць Ганна, - тым не менш, мы не можам лічыць гэта перамогай, так як паляўнічыя туры абяцаюць не менш трагічную долю для жывёл. Мы вырашылі працягнуць нашу кампанію і патрабаваць ад арганізатараў поўнай адмены аўкцыёну».