«Рэпарцёры без межаў»: Cвабодныя выбары ў беларускіх умовах - гэта ілюзія
6- 4.09.2012, 15:55
Беларускі рэжым пачаў падрыхтоўку да «выбараў» з татальных рэпрэсій.
Казаць пра свабодныя выбары ва ўмовах ціску на журналістаў і блогераў не даводзіцца - такая сутнасць заявы праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», паведамляе БелаПАН.
У ім падкрэсліваецца, што напярэдадні выбараў улады Беларусі працягваюць аказваць ціск на незалежных журналістаў і блогераў.
«У юрыдычнага пераследу журналістаў і блогераў, якія крытыкуюць урад, ёсць толькі адна мэта - трымаць іх пад ціскам і прымусіць адчуваць пастаянную пагрозу», - перакананая праваабарончая арганізацыя.
«У доўгі спіс таго, што абмяжоўваецца» у Беларусі, патрапілі і заклікі байкатаваць выбары, адзначаюць «Рэпарцёры без межаў». «Тых, хто згадвае пра байкот, напрыклад апазіцыйныя групы ў сацыяльных сетках, неадкладна падвяргаюцца пакаранню. Гэта ілюзія - казаць пра свабодныя выбары ў такіх умовах», - падкрэсліваецца ў заяве.
Як паведамляў сайт charter97.org, падобную ацэнку сітуацыі ў Беларусі дала сёння прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч. Затрыманні адміністратараў інтэрнэт-супольнасцей у сацыяльных сетках яна назвала «прыгнётам анлайн-іншадумства». «Я неаднаразова заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед журналістаў і блогераў, - заявіла Міятавіч. - На жаль, апошнія затрыманні ў Менску і іншых месцах паказваюць, што працягваюцца спробы заглушыць галасы нязгодных і спыніць свабоду самавыяўлення». «Гэтыя затрыманні з'яўляюцца ўдарам па свабодзе выказвання і парушаюць абавязацельствы ў рамках АБСЕ, якія Беларусь абавязалася выконваць», - падкрэсліла Міятавіч.
Нагадаем, 30 жніўня ў Беларусі была затрыманая група мадэратараў апазіцыйных інтэрнэт-супольнасцей. У Менску былі затрыманыя Андрэй Ткачоў, Павел Еўціхіеў і Раман Пратасевіч. Ва ўсіх дома прайшлі ператрусы, канфіскаваныя кампутары. Затрыманні і ператрусы рабілі людзі ў цывільным, якія не прадстаўляліся. Родныя затрыманых ўпэўненыя, што гэта былі супрацоўнікі КДБ. Ткачова асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту, Еўціхіева - на пяць. Непаўналетняга Пратасевіча адпусцілі пасля чатырохгадзіннага допыту, пагроз і збіцьця.
У той жа дзень у Віцебску быў затрыманы мадэратар інтэрнэт-супольнасці «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» Алег Шрамук, якога таксама адпусцілі пасля допыту.
Сяргею Бяспалаву ўдалося пазбегнуць затрымання. Папярэджаны сябрамі, ён выскачыў з акна, калі супрацоўнікі спэцслужбаў ужо ўвайшлі ў кватэру. Зараз малады чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Расеі.
Праваабаронцы звязваюць арышты актывістаў апазіцыйных інтэрнэт-супольнасцей з надыходзячымі парламенцкімі выбарамі.