28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Zeit: Беларускія сілавікі ўдзельнічалі ў спецаперацыі ў ФРГ

41
Die Zeit: Беларускія сілавікі ўдзельнічалі ў спецаперацыі ў ФРГ

Міліцыянты з Беларусі прымалі ўдзел у ахове цягніка з радыеактыўнымі адходамі Castor.

Раней паведамлялася, што беларускія сілавікі толькі назіралі за аперацыяй, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на нямецкае выданне Die Zeit, якому гэта пацвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Ніжняй Саксоніі.

Ніжнесаксонскі ўрад быў праінфармаваны аб удзеле ў аперацыі беларускіх сілавікоў. Гэта адбылося па ініцыятыве паліцыі іншай федэральнай зямлі - Саксоніі. У лістападзе 2010 года там праходзілі стажыроўку тры беларускіх міліцыянта. Саксонскія калегі прапанавалі ім разам суправаджаць цягнік з ядзернымі адходамі (іх транспартуюць з Францыі ў спецыяльных кантэйнерах маркі Castor) для захоўвання ў ніжнесаксонскае мястэчка Горлебен.

Паколькі штогод у Францыі і Германіі ў сувязі з гэтым праводзяцца шматтысячныя дэманстрацыі пад лозунгам «Спынім Castor-перавозкі», падобныя пратэстныя акцыі ствараюць сур'ёзныя праблемы для нямецкай паліцыі. У суправаджэнні такіх цягнікоў задзейнічаюцца каля 20 тысяч паліцэйскіх. Так было і ў 2010 годзе. Тады паліцыя была вымушаная ўжываць супраць дэманстрантаў вадамёты, газ і дубінкі, распілоўваць ланцугі, якімі прыкавалі сябе да чыгуначных рэек актывісты экалагічных рухаў, разбіраць з дапамогай цяжкай тэхнікі розныя барыкады. У выніку былі затрыманыя больш за 1300 пратэстуючых.

Як паведамляў сайт charter97.org, федэральная паліцыя і крымінальная служба з 2008 года навучалі беларускіх калег, у тым ліку памежнікаў. Пры гэтым МУС Германіі дзейнічаў па ўзгадненні з МЗС. Супрацоўніцтва, па словах нямецкага боку, пачалося пасля таго, як Менск «даў сігнал гатоўнасці да прававых рэформаў», і мела мэтай «спрыяць дэмакратычнай і прававой свядомасці». У ліпені 2012 года быў адпраўлены ў адстаўку шэф нямецкай паліцыі Маціяс Зеегер. Сярод іншага яму ставіліся ў віну кантакты з беларускім урадам.

Супрацоўніцтва паміж МУС абедзвюх краін працягвалася па крайняй меры да траўня 2012 года. У прыватнасці, паведамлялася, што трэнінгі на тэрыторыі Германіі праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структур Беларусі. Нямецкія паліцыянты таксама правялі падрыхтоўку 400 беларускіх памежнікаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва міліцыі і крыміналістаў на тэрыторыі Беларусі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках