Velcom хоча атрымаць банкаўскія паўнамоцтвы
31- 5.09.2012, 12:10
ЗП «Велком» разлічвае атрымаць доступ да крэдытнай гісторыі кліентаў, а таксама іншыя паўнамоцтвы камерцыйных банкаў.
Пра гэта паведаміў сёння журналістам галоўны выканаўчы дырэктар ЗП «Велком» Гельмут Дуз.
У цяперашні час ЗП «Велком» вядзе перамовы з Нацыянальным банкам. Кампанія разлічвае, што яе ўключаць у пералік калябанкаўскіх структур, якія валодаюць некаторымі паўнамоцтвамі камерцыйных банкаў, паведамляе БелТА.
Тым самым сотавы аператар мае намер спрасціць умовы ўзаемадзеяння з абанентамі, якiя набываюць тэрмінальнае абсталяванне ў растэрміноўку. Па-першае, кампанія зможа атрымаць доступ да крэдытнай гісторыі кліентаў, па-другое, ёй будзе прасцей спаганяць запазычанасці з неплацельшчыкаў, па-трэцяе, стане лягчэй фарміраваць адзіную базу пакупнікоў, якія атрымалі прылады на ўмовах пазыкі.
Кожны месяц ЗП «Велком» прадае 22 тыс. мабільных прылад, дзве трэці якіх - у растэрміноўку. У цяперашні час агульная сума прадастаўленых абанентам крэдытных сродкаў складае каля Br137 млрд. Кампанія і ў далейшым плануе развіваць гэты напрамак.
Разам з тым ЗП «Велком» пакуль не плануе ствараць камерцыйны банк у Беларусі. Хоць такіх прыкладаў у свеце нямала: у прыватнасці, так паступіў аўстрыйскі мабільны аператар A1.
Аператар velcom быў створаны ў ліпені 1998 года як сумеснае беларуска-кіпрскае ТАА «Мабільная лічбавая сувязь». 22 жніўня 2007 года аператар змяніў юрыдычную назву на «Замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Мабільная лічбавая сувязь» пасля набыцця кіпрскай SB Telecom Ltd. дзярждолі ў аператары. У кастрычніку таго ж года Telekom Austria Group аб'явіла аб дасягненні пагаднення аб куплі 70% кіпрскай SB Telecom Ltd. прыкладна за 730 млн. еўра.
Пакупніком выступіла падраздзяленне Telekom Austria па мабільнай сувязі Mobilkom Austria. 15 траўня 2008 года аператар змяніў назву на ЗП «Велком». У кастрычніку 2010 года Telekom Austria Group выкупіла астатнія 30% беларускага сотавага аператара.