Брэсцкі чыноўнік: Для павышэння зарплаты грошай няма
11- 6.09.2012, 9:35
Інфармацыя пра дэфіцыт сродкаў на зарплаты прагучала ў кантэксце фінансавання спартыўнай галіны ў рэгіёнах.
5 верасня ў Менску на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства спорту і турызму і выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Хевук заявіў, што «600 млрд. рублёў не хапае ў Брэсцкай вобласці на зарплаты ў сувязі з павышэннем», піша БелаПАН. Паводле яго слоў, лічба была агучана на апошняй нарадзе ў старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара.
Інфармацыя пра дэфіцыт сродкаў на заробкі прагучала ў кантэксце фінансавання спартыўнай галіны ў рэгіёнах. «У абласцях грошай няма», - сказаў Хевук.
Варта адзначыць, што гэты чыноўнік знаходзіцца ў доўгім спісе тых, каго па выніках пасяджэння калегіі Мінспорту і выканкама НАКа, падводзячы вынікі выступлення на Алімпіядзе ў Лондане, рэкамендавана вызваліць ад займаемай пасады (усяго больш за 50 чалавек).