24 красавiка 2024, Серада, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мова ці кава»

42
«Мова ці кава»

Беларуская журналістка і рэжысёрка Кацярына Кібальчыч мае намер адкрыць у Маскве і Менску курсы беларускай мовы.

- Пад Новы год я стварыла старонку на Фэйсбуку пад назвай «Mova ci kava». І напісала там: «Мы збіраемся ў кавярні, каб вучыць беларускую мову. Першыя гарадскія курсы. Мова і кава чакаюць цябе». І сама здзівілася такому нахабству, - распавядае Кацярына Кібальчыч сайту charter97.org. - Я з рускамоўнай сям'і, ужо траціну жыцця (10 гадоў) працую ў Маскве і, вядома, на мове гавару абы-як. Хацела б умець добра гаварыць па-беларуску. Але не ведаю, як і дзе. Праблема не ў тым, што я ў Маскве. Бо і ў Менску няма месца, куды можа зайсці чалавек з вуліцы і апынуцца ў беларускамоўным асяродку, дзе на яго не будуць касавурыцца.

Першыя заняткі «Мова ці кава» пройдуць у панядзелак у цэнтры Масквы ў кавярні «Старбакс» на Кузнецкім Мосце. Праз месяц, калі мы трохі выпрабуем методыку, такія ж курсы распачнуцца ў Менску.

Апошнія дні я шмат кантактую з рознымі лінгвістамі, школьнымі настаўнікамі, «даймаю» пісьменнікаў, тэатральных рэжысёраў і беларускамоўных блогераў. Я як прадусарка збіраю каманду, каб гэтыя заняткі сталі вясёлым, прыемным вечарам у добрай кампаніі. Мы будзем абмяркоўваць навіны, гуляць у «мафію», сустракацца з цікавымі людзьмі.

І вось што цікава – шмат якія паважаныя людзі з кім я мела стасункі на тэму курсаў, кажуць прыкладна адно і тое ж: «Выдатная ідэя, усё класна! Але вось, ты ведаеш ... У Маскве няхай гэта будзе кавярня, а ў Менску давай з галерэяй «Ў» лепш дамовімся. А то ў кавярні людзі будуць саромецца, а там мы будзем у натуральным асяроддзі».

Адурэць! Вось табе і маем! Атрымліваецца, гарадская кавярня - гэта што, ненатуральнае асяроддзе для беларускай мовы? Мы баімся нават суседняга століка? Ну колькі можна баяцца!!!

І тады я зразумела, што ўсё раблю правільна. Мы не будзем хавацца ў норы, галерэі-студыі, канспіратыўныя кватэры, сядзібы БНФ і да т.п. Мы збяромся ў горадзе, у папулярнай кавярні: «Гэй, людзі, мы тут! Мы гаворым па-беларуску. Мы не ў гета».

Сачыць за раскладам заняткаў і навінамі праекта можна тут.

Першы занятак у Маскве 14 студзеня а 20:00. Выкладчык маскоўскіх курсаў - Васіль Дранько-Майсюк, акцёр і рэжысёр. Сын паэта Леаніда Дранько-Майсюка.

Менскія курсы пакуль на этапе распрацоўкі, шукаю аднадумцаў і збіраю каманду.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках