20 красавiка 2024, Субота, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для новага сайта Лукашэнкі закупяць дарагое «жалеззе»

133
Для новага сайта Лукашэнкі закупяць дарагое «жалеззе»

Праект новага сайта Аляксандра Лукашэнкі распрацаваны і пададзены на разгляд замоўцу.

Пра гэта паведаміў БелаПАН Уладзімір Стрыхарчук, дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут практычных праграмных сістэм», які перамаглі ў тэндэры на стварэнне сайта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ён не стаў канкрэтызаваць, чым новы партал будзе адрознівацца ад цяперашняга, а таксама адзначыў, што не нясе адказнасці за ягоны змест. «Замоўца праекта - адміністрацыя прэзідэнта», - дадаў Стрыхарчук.

Нагадаем, указам Лукашэнкі № 577 аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2012 год на стварэнне ягонага новага інтэрнэт-сайта выдаткавана 2,6 млрд. рублёў, што складае блізка што 300 тысяч даляраў.

Стрыхарчук не ўважае гэтую суму за такую ўжо вялікую. «Гаворка ж не ідзе пра нейкі «сайцік», які за 100 даляраў можна стварыць, гэта ж партал прэзідэнта - сістэма, якая патрабуе мноства ўмоў. У тым ліку ў галіне бяспекі, каб не ўзламалі, каб ён не спыняў працу», - адзначыў дырэктар інстытута.

Як распавеў БелаПАН кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі Павел Лёгкі, большая частка сродкаў, выдаткаваных на стварэнне новага сайта, будзе накіраваная на закупку абсталявання і сістэму бяспекі. «Сістэма кіравання сайтам, уключна з некаторымі элементамі абароны, гэта верхавіна айсберга, 10% ад сумы. А 90% - гэта грошы, якія ідуць на стварэнне сістэмы абароны інфармацыі і яе сэртыфікацыі, закупку ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, а самае галоўнае - на закупку так званага жалеззя: сэрверы, маршрутызатары, брандмаўэр, камутатары, сістэма рэзервовага капіявання інфармацыі, сістэма аўдыту маніторынгу, расшырэнне каналаў сувязі і да г.п.», - сказаў Лёгкі.

Акрамя таго, падкрэсліў ён, у адміністрацыі Лукашэнкі, якая з'яўляецца замоўцам праекта, са стварэннем новага сайта наважылі спалучыць і замену састарэлага абсталявання. Усё гэта будзе абслугоўваць не толькі сайт кіраўніка дзяржавы, але і яшчэ шэраг дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў, дадаў кіраўнік прэс-службы. «Шмат каму хацелася б, каб сайт прэзідэнта быў зроблены паміж дзвюма бляшанкамі піва студэнтам Васем за 100 даляраў, але заўтра гэты сайт расшкуматалі б на пацеху публікі такога ж узроўню хакеры. Нас гэта не задавальняе. Прэзідэнцкі сайт - гэта галоўны інфармацыйны рэсурс дзяржаўнага сэктара байнэту, таму ён павінен быць надзейна абаронены. Нам неаднаразова даводзіцца сутыкацца з DDoS-атакамі і спробамі хакераў перахапіць кіраванне парталам, кібэрбяспека не астатняя справа для нас», - падкрэсліў Павел Лёгкі. З ягоных слоў, рэсурс «патрабуе сур'ёзных прыймова-здавальных выпрабаванняў», таму, мусібыць, яго з'яўлення ў адкрытым доступе можна чакаць не раней як увесну. «Там будзе і відэарубрыка, палепшаныя пошук і рух, значна хутчэй будзе публікавацца інфармацыя. Будзе шмат новага», - адзначыў Лёгкі.

Ён звярнуў увагу на тое, што «каментары на тэму стварэння новага партала прэзідэнта носяць збольшага непрафесійны характар». «Сур'ёзныя спецыялісты, разумеючы глыбіню і тэхнічную складанасць пытання, працэс не каментуюць альбо каментуюць вельмі асцярожна», - сказаў Лёгкі.

Напісаць каментар 133

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках