Былы «мэр» Полацка напісаў прашэнне аб памілаванні
100- 13.01.2013, 12:47
Уладзімір Тачыла, арыштаваны 21 траўня мінулага года, напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Пра гэта паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў, піша «Наша Ніва».
Справа «экс-мэра» Полацка Ўладзіміра Тачылы была накіраваная ў Генпракуратуру для перадачы ў суд яшчэ ў чэрвені 2012 года. Але працэс да гэтага часу не распачаўся.
Чыноўніка абвінавачваюць у тым, што ў 2009 годзе ён незаконна выдзеліў для сябе і сваякоў зямельныя надзелы ў Полацку ў зоне ахоўнага ландшафту, на тэрыторыі, прылеглай да Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.
Пры гэтым былі перавышаныя службовыя паўнамоцтвы, а гісторыка-культурная каштоўнасць пашкоджаная. Разам з Тачылам у гэтай справе праходзяць яго былы намеснік Сяргей Кукса, экс-старшыня Полацкага райвыканкама Валерый Палідовец са сваім намеснікам Алегам Ермаковічам. Яшчэ падчас следства шкода ад незаконнай дзейнасці была сплачаная ў поўнай суме.