28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падвойнае дно беларускай ідэалогіі

27
Падвойнае дно беларускай ідэалогіі

Лукашэнка аб'явіў 2013 год Годам беражлівасці.

Гэта добрая нагода разабрацца ў тым, навошта беларусам утрымліваць за свой рахунак «ідэалагічную вертыкаль» з тысяч чыноўнікаў, мяркуе эксперт Наталля Макушына.

У 2013 год, абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам Годам беражлівасці, Беларусь уступіла пад сцягам эканоміі энергарэсурсаў, скарачэння чыноўніцкага апарата і колькасці прапагандысцкіх СМІ. Аптымізацыя дзейнасці дзяржорганаў, як заявіў Лукашэнка, можа закрануць 13 тысяч чалавек. У той жа час пра скасаванне аддзелаў па ідэалогіі гаворка не ідзе, хоць бюджэт мог бы значна зэканоміць на ліквідацыі зусім не патрэбнай беларусам «ідэалагічнай вертыкалі», перадае «Deutsche welle».

Ад лясніцтваў да бройлерных фабрык

Беларусь нездарма называюць захавальніцай савецкіх традыцый. Часам яны цалкам бяскрыўдныя, калі кожнаму новаму году прысвойваюць назву-сімвал - Год Тараса Шаўчэнкі або Год якасці. Часам па-савецку марнатраўныя, калі справа тычыцца ўмацавання ўлады чыноўнікаў. Прыклад - прасавецкая «ідэалагічная вертыкаль», якая па ўказу Лукашэнкі была ў 2004 годзе пасаджаная на шыю беларускага грамадства.

З тых часоў улады не скупяцца на матэрыяльную падтрымку ідэолагаў. Яны займаюць хлебныя месцы ў кабінетах адміністрацый гарадоў і раёнаў, ва ўстановах і на прадпрыемствах - ад лясніцтваў да бройлерных фабрык. У навучальных установах створаныя яшчэ і ўпраўленні выхаваўчай працы, у якіх маюцца спецыяльныя ідэалагічныя сектары. А сярод штатных пасад, акрамя кіраўнікоў і намеснікаў, ёсць яшчэ і справаводы ўпраўленняў ідэалагічнай работы, і інструктары-метадысты па выхаваўчай і ідэалагічнай працы.

Сваю значнасць работнікі ідэалагічнага фронту падмацоўваюць сотнямі дакументаў-справаздач, згодна з якімі нават «высокія эканамічныя паказчыкі працоўных калектываў дасягаюцца з дапамогай фарміравання ў работнікаў адзіных грамадска-палітычных ідэалаў і духоўна-маральных каштоўнасцяў». У XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы на адзіных днях інфармавання грамадзянам тлумачаць, як ім варта разумець палітыку Лукашэнкі. Але на справе «праца з насельніцтвам» зведзеная да звычайнага «кантролю за мазгамі» і выяўлення іншадумцаў.

У што абыходзіцца «ідэалагічная вертыкаль»

У адным толькі Пухавіцкім раёне Беларусі (а ўсяго такіх раёнаў - 118) на прадпрыемствах, па афіцыйных дадзеных, дзейнічаюць 130 намеснікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў па ідэалагічнай працы. Яшчэ з дзесятак ідэалагічных работнікаў утрымліваюць структуры мясцовай улады Пухавічаў.

Няцяжка падлічыць, што зарплата тысяч бюракратаў - прапагандыстаў пераваг эканамічнай сістэмы, створанай Лукашэнкам, - выцягвае з бюджэту вялікія сумы. Да прамых бюджэтных страт можна аднесці фінансаванне беззмястоўных распрацовак «спосабаў маніторынгу эфектыўнасці намаганняў ідэолагаў» і рэкамендацый «па ўдасканаленні ідэалагічнай работы», якімі за кошт падаткаплацельшчыкаў заклапочаная акадэмія кіравання пры прэзідэнце Беларусі.

Асаблівым артыкулам выдаткаў на ідэалогію c падвойным дном стала падтрымка дзяржаўных СМІ - тэлебачання і газет. У Год беражлівасці на яе вырашана выдаткаваць у пераліку 45 мільёнаў даляраў. Прычым па ўсталяванай традыцыі ідэолагі на прадпрыемствах прымусова падпісваюць работнікаў на выданні, кантраляваныя дзяржавай.

Каму прыйдзецца эканоміць у Год беражлівасці

У краіне склалася абсурдная сітуацыя. Многія разумеюць, што ідэалагічныя кантралёры патрэбныя ў першую чаргу уладам - як наглядчыкі за лаяльнасцю. Але пратэставаць ніхто не адважваецца. Да таго часу, пакуль грамадства моўчкі глынае гэты прапагандысцкі гвалт, абвешчанае Лукашэнкам скарачэнне дзяржапарату наўрад ці закране «ідэалагічную вертыкаль».

Так што, падобна, эканоміць у Год беражлівасці прыйдзецца не чыноўнікам ад ідэалогіі, пазбаўленым наседжаных месцаў, а простым грамадзянам. І не па закліку уладаў, а ад беднасці. Таму што, нягледзячы на ідэалагічныя ўстаноўкі аб эфектыўнасці эканомікі, Беларусь апынулася на першым месцы ў СНД па росту коштаў, а па пакупніцкай здольнасці ўвайшла ў дзевятку самых бедных краін Еўропы.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках