29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аварыя на водаправодзе ў Магілёве (Відэа)

7

У выніку аварыі быў цалкам затопленым раней выкапаны катлаван.

Тэрыторыя будоўлі нагадвае возера, а вада ўжо падтапляе прылеглую дарогу.

Цяпер на месцы здарэння працуюць супрацоўнікі аварыйных службаў, якія адпампоўваюць ваду. Жыхары ж прылеглых «хрушчовак» засталіся на няпэўны перыяд без халоднай вады, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«Мы былі катэгарычна супраць таго, каб на гэтым месцы будавалі новы дом, - кажа жыхарка мікрараёна «Юбілейны» Таццяна. - Мы тройчы выходзілі пратэставаць супраць будаўніцтва, збіралі подпісы, звярталіся ў гарвыканкам і да дэпутатаў. Будоўлю на нейкі час прыпынілі, да ўпарадкавання дакументаў адпаведна заканадаўству, аднак пасля гэтага яе прадоўжылі».

Жыхары адзначаюць, што падчас земляных работ экскаватар пашкодзіў водаправод. У выніку чаго ўтварыўся фантан у некалькі метраў.

На месца здарэння прыехаў і дырэктар ТАА «Домабудаванне» Канстанцін Кожыч, які замест таго, каб адказваць на пытанні жыхароў раёна, адштурхоўваў у бок аператара «Белсату», не даючы яму здымаць тое, што адбываецца.

«Пры будаўніцтве новага дома было высечана мінімум пяць дрэў. Колькі высекуць яшчэ невядома, бо акрамя гэтага новага дома праектам прадугледжанае будаўніцтва яшчэ трох дамоў, што будуць знаходзіцца на месцы гаю, пасаджанага больш за 30 гадоў таму жыхарамі прылеглых дамоў. Гай налічвае 560 дрэў. Усе яны пранумараваныя і знікненне ўсякага з іх не застанецца незаўважаным», - кажа жыхар найбліжэйшага дома Яўген.

Жыхары асцерагаюцца, што гэтая аварыя можа прывесці да таго, што будуць затопленыя падвалы бліжэйшых дамоў.

«Не ведаю, ці вытрымаюць будаўніцтва гэтых дамоў нашыя старыя дамы. Трубы старыя, нашыя дамы амаль кардонныя. У нас ужо пачаліся перабоі са святлом – яго апошнім часам адключаюць без папярэджанняў. Акрамя таго, новыя шматпавярховікі заслоняць усё святло нашым дамах і мы будзем жыць у іх, як дзеці падзямелля, не бачачы святла. Спадзяюся, што гэта здарэння паставіць крыж на будаўніцтве», - адзначае Таццяна.

Нагадаем, што ў канцы лістапада 2012 жыхары мікрараёна «Юбілейны», убачыўшы абгароджаную тэрыторыю пад будаўніцтва новага дома, выйшлі на спантаныя мітынгі, пратэстуючы супраць будоўлі. Кожны раз у пратэстных акцыях прымала ўдзел не менш за 100 чалавек. Ніхто з прадстаўнікоў мясцовай улады так і не прыехаў, каб пагаварыць з народам.

Будаваныя дамы знаходзяцца ў раёне, размешчаным недалёка ад цэнтра горада і належаць да катэгорыі элітных. Вядома, што ў першым доме ўжо прададзеныя ўсе кватэры. Ён павінен быць пабудаваны ў жніўні 2013 года. Прыблізны кошт аднаго метра жылля складае ад 850 даляраў ЗША.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках