29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Білборды «ма-ма = мо-ва» патрапілі пад забарону

39

Праект сацыяльнай рэкламы па папулярызацыі беларускай мовы можа зачыніцца.

Узімку мінулага года Асацыяцыя рэкламных арганізацый Беларусі (АРА) пры падтрымцы Міністэрства культуры ініцыявала конкурс на стварэнне рэкламных плакатаў на тэму папулярызацыі беларускай мовы. Работы пераможцаў конкурсу меркавалася размяшчаць на білбордах і іншых рэкламных носьбітах у гарадах Беларусі, піша marketing.by.

Сам конкурс, як і праект у цэлым, быў ініцыяваны АРА, і да ўдзелу былі запрошаныя толькі сябры Асацыяцыі. Гэта рабілася для падтрымання якасці конкурсу: усе работы былі выкананыя прафесійнымі агенцтвамі.

Па выніках конкурсу і галасавання на сайце АРА быў вызначаны пераможца - канцэпцыя «Мая родная мова» аўтарства McCann Erickson Belarus. Аднак пасля кансультацый з прадстаўнікамі Міністэрства культуры было прынятае рашэнне аб распаўсюджванні яшчэ двух праектаў: канцэпцыі «Ма-ма = Мо-ва» ад рэкламнага агенцтва «ПінГвін», а таксама серыя з 4 постэраў «Маё першае слова», таксама ад McCann Erickson Belarus .

Канцэпцыя «Мая родная мова», рэкламнае агенцтва McCann Erickson Belarus

Канцэпцыя «Ма-ма = Мо-ва», РА «ПінГвін»

Канцэпцыя «Маё першае слова», рэкламнае агенцтва McCann Erickson Belarus

Сутнасць конкурсу заключалася ў тым, каб жыхары нашай краіны бачылі на вуліцах гарадоў сапраўды сацыяльную рэкламу, якая адлюстроўвае праблемы, якія існуюць у грамадстве. Прафесійныя рэкламісты вырашылі звярнуць увагу беларусаў на адну з самых актуальных грамадскіх праблем - малую распаўсюджанасць беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці.

Заданне удзельнікам конкурсу было пастаўлена ў выглядзе пытання: «Ці з'яўляецца супольнасць людзей народам, калі яна не мае самай важнай этнічнай рысы - сваёй мовы».

Магчыма, пытанне было пастаўлена занадта жорстка і рытарычна, і, натуральна, шмат хто скажа, што ў нас ёсць мова. Але колькі гадзін, хвілін, секунд вы сёння размаўлялі па-беларуску?

Аднак праект-пераможца першапачаткова не прайшоў узгадненне ва Упраўленні гандлю Менгарвыканкама. Астатнія два праекты былі зацверджаныя ў якасці сацыяльнай рэкламы і рэкамендаваныя да размяшчэння на канструкцыях вонкавай рэкламы.

У канцы мінулага года рэкламныя іміджы з'явіліся ў Гродне, а крыху пазней - у Магілёве, а затым і ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Менску. Аднак, як стала вядома marketing.by, нядаўна іміджы «Ма-ма = Мо-ва» паводле вуснага загаду без тлумачэння прычын былі забароненыя да распаўсюджвання, а ўсё размешчаныя білборды было рэкамендавана ўбраць. У гэтай сітуацыі лёс пакінутага ўзгодненага праекта таксама знаходзіцца пад пытаннем.

Па словах старшыні АРА Ігара Самкіна, дадзены праект па задуме яго ініцыятараў павінен быў стаць доўгатэрміновым, і на наступным этапе планавалася ўключыць у яго прадстаўнікоў іншых структур і арганізацый, якім неабыякавая праблема нашай мовы.

Гродна

Магілёў

У святле апошніх рашэнняў і чарговага ўжывання «тэлефоннага права» становіцца ясна, што ў Беларусі рашэннем праблемы знікнення мовы на дзяржаўным узроўні займацца не збіраюцца. У такіх умовах ніякай разумнай ініцыятывы знізу таксама не варта чакаць. Падобна на тое, мы па-ранейшаму будзем бачыць на вуліцах гарадоў маркотную рэкламу «За Беларусь», Алімпійскіх прызёраў, хакеістаў, пажарныя апавяшчальнікі і інш, якую наўрад ці можна назваць сацыяльнай рэкламай, бо гэтыя плакаты не паднімаюць ніякай праблемы і не прымушаюць людзей задумацца пра нешта і нешта мяняць у грамадстве.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках