24 красавiка 2024, Серада, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выставу аб БНР не пусцілі ў Менск

2
Выставу аб БНР не пусцілі ў Менск

У памяшканні Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе адкрылася выстава «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка».

Невялікае памяшканне Славянскай бібліятэкі не змагло змясціць усіх, хто прыйшоў на адкрыццё выставы - жадаючых сабралася каля ста чалавек, і некаторым прыйшлося слухаць прамовы на адкрыцці, стоячы на лесвіцы, перадае «Радыё Свабода».

Першым выступіў дырэктар Славянскай бібліятэкі, якая з'яўляецца часткай Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, Лукаш Бабка і пасля ён даў слова прадстаўніку ЕГУ Юрыю Бачышчу.

Бачышча распавёў аб гістарычных сувязях паміж Чэшскай Рэспублікай і Беларуссю, пачынаючы са св. Іераніма Пражскага, які нёс слова Божае на беларускія землі, а пазней аб дапамозе рыцараў у барацьбе чэшскага народа з крыжакамі. Як сказаў Бачышча, гэта была «барацьба за рэлігійную свабоду, якая з'яўляецца падмуркам любой свабоды». Потым гэтыя сувязі працягваліся праз дзейнасць Францыска Скарыны, які надрукаваў у Празе першы беларускі пераклад Бібліі і перайшлі праз стагоддзі да часоў БНР, якую падтрымала маладая Чэхаславацкая Рэспубліка, і цягнуцца да гэтага часу, калі ўрад Чэскай Рэспублікі падтрымлівае барацьбу беларускага народа за свабоду і дэмакратыю.

Сярод экспанатаў выставы, якую стварыў сябра Рады БНР Юрый Юркевіч, - выявы раней невядомых дакументаў Івана і Антона Луцкевічаў. Таксама ліст Язэпа Драздовіча Віленскаму беларускаму музею імя Івана Луцкевіча з прапановай набыць яго творы. Ліст датуецца 22 красавіка 1932 года. На выставе ёсць і матэрыялы Таварыства беларускай школы, а таксама дакументы, прысвечаныя беларускай ваеннай справе 1918-1920 гг.

Арганізатары выставы паспрабавалі правесці яе і ў Менск. І, як яны распавядаюць, частка экспанатаў - копіі гістарычных дакументаў на плакатах - была затрыманая на літоўска-беларускай мяжы, і гэтыя экспанаты не пусцілі ў Беларусь, патлумачыўшы, што яны былі не належна аформленыя.

На адкрыцці выставы прысутнічаў і першы сакратар амбасады Беларусі ў Празе Валянцін Шпак. На пытанне аб тым, ці ёсць шанцы для гэтай выставы трапіць у Менск, ён адказаў, што шанцы заўсёды ёсць, але на пытанне, чаму тады экспанаты выставы не пусцілі ў Беларусь, ён адказаў, што, мабыць, арганізатары недакладна аформілі дакументы і што гэта была чыста тэхнічная праблема.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках