29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

New York Times пра Беларускі Свабодны тэатр

11
New York Times пра Беларускі Свабодны тэатр

Рэцэнзія на спектакль «Мінск'2011» выйшла ў найбуйнейшай амерыканскай газеце.

Яе напісаў галоўны тэатральны крытык New York Times Бэн Брэнтлі.

Сайт charter97.org прыводзіць вытрымкі з ягонага артыкула:

- Пад канец прагляду спектакля «Мінск'2011», выдатнай і жорсткай пастаноўкі Беларускага Свабоднага тэатра, з'яўляецца нейкае містычнае адчуванне страху і здзіўлення.

Як і шмат іншых уражальных момантаў у тэатры, гэта дасягаецца пры дапамозе вельмі простых элементаў: чорнага атраманту, доўгага рулона карычневай паперы і аголенай жанчыны.

Гучыць як жарт, ці не так? Але назваць жартам тое, што адбываецца на сцэне, можна толькі ў самым касмічным сэнсе - як нейкая адплата.

Вядома, усё гэта - толькі метафара, унутраная рэальнасць, якая ўпускае кіпцюры ў вашае ўяўленне і пакідае незагойныя шнары. Карціна, якую можа напоўніцу адлюстраваць на сцэне толькі жывы выканаўца, з'яўляецца жорсткім напамінам пра тое, што гнеў у мастацтве можа быць найбольш плённай крыніцай усякіх вынаходстваў.

Гэта зрабіла Беларускі Свабодны тэатр, выступы якога забароненыя ў іх уласнай краіне, адной з самых вынаходлівых, моцных і яскравых нелегальных труп на планеце.

Поўная назва іхняй апошняй п'есы, якую паказалі ў рамках фестывалю Under the Radar у нью-ёркскім «Публічным тэатры», - «Мінск'2011: Адказ Кэці Акэр». Як і кніга «Нью-Ёрк у 1979 годзе», Менск - гэта партрэт вялікага горада, які мы бачым праз прызму ягонага сэксуальнага жыцця.

Сэкс, які некалькі разоў прысутнічае ў гэтай пастаноўцы, - не тое ж самае, што сэксуальнасць. Наогул, наўрад «сэксуальнасць» - тое слова, якім можна апісаць тое, што адбываецца ў гэтай сцэне, нягледзячы на тое, што яе цэнтральнай фігурай з'яўляецца прыгожая аголеная жанчына (Яна Русакевіч).

У маналогу, напісаным дырэктарамі тэатра Наталляй Калядой і Мікалаем Халезіным, яна распавядае аб успамінах дзяўчыны-падлетка, аб тым, як яна была арыштаваная і збітая. Потым супрацоўнік міліцыі прымусіў яе здаць адбіткі пальцаў. Яна распавядае, як мужчына пакрыў яе палец атрамантам і потым націснуў ім на палосу паперы.

Калі акторка кажа, іншыя акцёры пакрываюць яе цела атрамантам і загортваюць з ног да галавы ў рулон паперы. Яна становіцца падобная да кокана.

Калі жанчына спрабуе працягваць маналог, ейныя слёзы падаюць на паперу. Яна выглядае спустошанай і небяспечнай. У руках жанчына трымае пугу, і, ляскаючы ёй, блукае па сцэне. «Слухай ляскат пугі і зразумей: гэта тая ж самая дзяўчына. Яна вырасла. Гэта Менск», - кажа яна.

Гэта адначасова і паэзія, і грубасць нараджэння пачвары, вынашанай жорсткасцю і рэпрэсіямі, і, напэўна, самая экстрэмальная сцэна ў спектаклі. Аўтарам канцэпцыі і рэжысёрам Уладзімірам Шчэрбанем створаная мазаіка з няроўных эпізодаў, якія паказваюць свет, у якім гвалт забяспечвае цішыню, а сэкс і задавальненне - не заўсёды сінонімы.

Такое бачанне складаецца пасля некалькіх апавяданняў ад першай асобы, абрывістых маналогаў, статыстычных звестак. Ансамбль ствараецца з кавалачкаў, сярод якіх трактат аб вырабе і спажыванні атрутнага пітва, якое выдаюць за віно, і нямое інсцэнаванне тэракту ў метро.

Часам паказваюць відэа. Але збольшага пачуцці з'яўляюцца ад слоў, рухаў, цікавага размяшчэння рэквізіту, рудыментарных паветраных балонаў, пластыкавых крэслаў, чырвонай дывановай дарожкі і мяшкоў цукру. Да канца спектакля вы адчуваеце, што мапа Менска вытатуяваная ў вашай галаве таксама, як Дублін Джэймса Джойса, - і гэта тычыцца не толькі яго плошчаў, вуліц, клубаў і турмаў.

Вы таксама адчуваеце пульсацыю падземнай Нямігі - ракі, якая не пазначаная ні на адной карце. У сярэдзіне мінулага стагоддзя яе закавалі ў трубы, якія ляжаць пад зямлёй. І гэта адчуванне жыццёвае сілы пераследуе вас на працягу ўсяго шоў...

...Калі вы шукаеце спрыяльныя знакі ў краявідзе, пазбаўленым надзеі, то вы будзеце звяртацца да таго, што ёсць у вас пад рукой, ці не так? Менск, такі ж змрочны, як жыццё, якое апісанае тут, занураны ў незвычайную лірыку і надзею, якая ляжыць у пераўтваральнай сіле мастацтва.

Паэзія выяўляецца ў самых нечаканых формах і месцах, напрыклад, калі з турмы выпусцілі каманду прастытутак для прыбірання места пасля моцнага снегападу, і мы бачым іх радасных і свабодных, як быццам адарваных ад рэчаіснасці.

У агітпрапагандзе і ў мастацтве палітычнае становіцца асабістым, а асабістае, наадварот, размываецца і ўмацоўваецца.

Калі ў фінальнай сцэне ўдзельнікі калектыву проста і спакойна распавядаюць аўдыторыі аб сваіх пачуццях і аб сваім горадзе, эмоцыі змешваюцца. Крыўда, страх, гнеў - усё гэта ёсць. Але таксама ёсць і невымоўнае словамі адчуванне прыналежнасці да гэтага канфліктнага нешчаслівага месца.

Адзін з актораў - Алег Сідорчык, палітычны ўцякач, які жыве ў Лондане. Ён кажа пра сваю размову з мамай, якая ўсё яшчэ жыве ў Менску з хваробай Альцгаймэра. «Яна думае, што я ўсё яшчэ жыву там, - кажа ён. - Напраўду, гэта не так. Яна не думае, што я жыву там. Мая мама ведае праўду. Я ўсё яшчэ там».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках