Баранавіцкія апазіцыянеры патрабуюць выканання рашэнняў ААН
18- 2.01.2013, 14:09
Баранавіцкія актывісты апазіцыі ў канцы снежня 2012 года атрымалі адказ з Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
«Камітэт па правах чалавека, дзейнічаючы ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, лічыць, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні Беларуссю артыкула 19 і артыкула 21 Пакта», - гаворыцца ў рашэнні, прынятым Камітэтам ААН па правах чалавека 27 ліпеня 2012 года ў адказ на скаргу актывістаў з Баранавічаў, піша ПЦ «Вясна».
Скарга актывістаў тычылася забароны на правядзенне ў Баранавічах мітынгу «За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь» 10 верасня 2006 года.
Адзін з яго заяўнікаў Віктар Сырыца лічыць рашэнне камітэта ААН вельмі важным:
«Цяпер мы можам дамагацца дэмакратызацыі закона аб масавых мерапрыемствах, рашэння Баранавіцкага гарвыканкама аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Цяпер гэтыя закон і рашэнне супярэчаць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь».
Віктар Сырыца, Віктар Мязяк і Сяргей Гоўша будуць звяртацца ў суд, каб дамагацца адмены рашэння гарвыканкама аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.