18 красавiка 2024, Чацвер, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Балгарыя праводзіць рэферэндум аб будаўніцтве АЭС

27
Балгарыя праводзіць рэферэндум аб будаўніцтве АЭС

Правядзення такога рэферэндуму патрабавала апазіцыйная сацыялістычная партыя.

Партыя хоча, каб урад перагледзеў сваю пастанову адмовіцца ад будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі ў Белене, на паўднёвым беразе Дуная, паведамляе ВВС.

Урад заяўляе, што грошай на будаўніцтва АЭС у бюджэце няма, але пры гэтым хоча падоўжыць тэрмін эксплуатацыі адзінай існай на гэты момант АЭС краіны.

Гэта першы рэферэндум у Балгарыі пасля краху камунізму. Грамадская думка з нагоды будаўніцтва АЭС «Белене» моцна палярызаваная, і гэты рэферэндум разглядаюць як прадвеснік усеагульных выбараў у Балгарыі, запланаваных на канец гэтага года.

Вынікі рэферэндуму будуць прызнаныя сапраўднымі, калі яўка выбарцаў складзе як мінімум 60%.

Прэм'ер-міністр Балгарыі Бойка Барысаў заявіў мясцовай прэсе, што кабінет міністраў падтрымлівае захаванне існага рэактара ў Казладуе, аднак у бюджэце няма 10 млрд еўра, патрэбных для будаўніцтва АЭС у Белене.

«Казладуй» можа застацца адзінай АЭС

АЭС «Белене» павінна была стаць другой атамнай станцыяй у Балгарыі. Цяпер у краіне працуе адна з найбуйнейшых ва ўсходняй Еўропе АЭС «Казладуй», пабудаваная пры актыўным удзеле СССР у 1974 годзе. У 2006 годзе Балгарыя вымушаная была зачыніць 4 састарэлых рэактары ў Казладуе ў якасці папярэдняй умовы сяброўства краіны ў ЕЗ, куды Балгарыя далучылася ў 2007 годзе.

Урад замарозіў планы сканчэння будаўніцтва АЭС у Белене ў мінулым годзе, калі працы на паўднёвым беразе Дуная ўжо ішлі на ўсе застаўкі.

Аднак апазіцыйная сацыялістычная партыя, якая дамагаецца аднаўлення будаўніцтва АЭС, заяўляе, што выдаткі на сканчэнне будаўніцтва ў Белене складуць 4-6 млрд еўра, а ўвядзенне ў дзеянне АЭС прывядзе да значнага зніжэння кошту электраэнергіі для спажыўцоў.

Вынікаў рэферэндуму чакаюць у Маскве

Тэндэр на будаўніцтва ў Балгарыі АЭС «Белене» быў абвешчаны ў 2005 годзе, яго пераможцам стала расейскае ЗАТ « Атомстройэкспорт». Пагадненне аб будаўніцтве АЭС было падпісанае 29 лістапада 2006 года. У 2007 годзе расейскі праект прызнаны адпаведным ўсім еўрапейскім тэхнічным патрабаванням да станцый з легкаводнымі рэактарамі новага пакалення, і 18 студзеня 2008 года было падпісанае кантрактнае пагадненне на будаўніцтва станцыі, паведамляе РИА Навости.

У мінулым годзе расейскі « Атомстройэкспорт» павялічыў да аднаго мільярда еўра пазоўнае патрабаванне да Нацыянальнай электрычнай кампаніі рэспублікі за адмову будаваць АЭС «Белене».

Экалагічныя арганізацыі выступаюць супраць будаўніцтва АЭС «Белене», планы стварэння якой ўпершыню былі прапанаваныя, калі Балгарыя яшчэ знаходзілася пад камуністычным кіраваннем.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках