28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту

22
Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту

27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту.

Заснаваны з ініцыятывы Генасамблеі ААН у 2005 годзе, ён прымеркаваны да даты вызвалення савецкімі войскамі ад фашысцкай акупацыі ў 1945 годзе першага і самага буйнога канцлагера - Асвенцым, які быў размешчаны на тэрыторыі Польшчы, піша БелаПАН.

Тэма Дня памяці ахвяр Галакосту ў гэтым годзе - «Выратаванне падчас Галакосту: мужнасць неабыякавасці». Ён прысвечаны людзям, якія ратавалі габрэяў ды іншых ахвяр нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны.

25 студзеня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку адбылася спецыяльная цырымонія, прысвечаная памяці ахвяраў нацысцкага тэрору ды іх героям-выратавальнікам. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун у сваім відэазвароце да ўдзельнікаў цырымоніі заклікаў іх «аддаць даніну тым, хто рызыкаваў сваім жыццём і сваімі сем'ямі дзеля выратавання габрэяў ды іншых ахвяраў нацыстаў ад практычна непазбежнай згубы». Пан Гі Мун параіў усім раўняцца на тых, хто ў нялёгкі час выяўляў смелую неабыякавасць - звычайных людзей, «якія здзяйснялі незвычайныя ўчынкі дзеля абароны чалавечай годнасці». «Мы павінны захоўваць пільнасць у свеце, у якім мы амаль штодня сутыкаемся з экстрэмісцкімі актамі гвалтам і нянавісцю. Давайце ўсё ж мець мужнасць ды неабыякавасць, каб пабудаваць больш бяспечны, лепшы свет», - сказаў кіраўнік ААН.

Напярэдадні дня памяці ахвяр Галакосту Пан Гі Мун таксама выступіў у нью-ёркскай сінагозе Парк Іст з прамовай, у якой закрануў праблемы генацыду, антысемітызму, ісламафобіі, канфлікту ў Сірыі.

«Большасці з нас цяжка сабе ўявіць пакуты, звязаныя з усведамленнем таго, што вам і вашым родным было наканавана памерці праз вашую веру, вашую культуру ці расу. Аднак гэта - горкая праўда», - канстатаваў Пан Гі Мун. Ён нагадаў, што падчас Другой сусветнай вайны прадстаўнікоў такіх нацыянальнасцяў, як габрэі, цыганы ды сінці, а таксама нетрадыцыйных нацыянальных меншасцяў, палітычна непажаданых і псіхічна хворых - словам, тых, «хто не адпавядаў перакручанай ідэалогіі Гітлера аб арыйскім дасканаласці», - сістэматычна пераследавалі, захоплівалі і дастаўлялі ў лагеры смерці. Шмат якіх людзей знішчалі неадкладна, іншых змушалі да цяжкай працы, якая ў канчатковым выніку ўсё роўна прыводзіла да смерці. «Ні антысемітызму, ні ісламафобіі, ні іншым гэткім формам стаўлення няма месца ў свеце XXI стагоддзя, які мы спрабуем пабудаваць», - перакананы Пан Гі Мун.

У Менску да Дня памяці ахвяр Галакосту ў Музеі гісторыі горада адкрылася фотавыстава «Мае праведнікі» Анатоля Клешчука. Экспазіцыю склалі фатаграфіі, на якіх намаляваныя беларускія праведнікі свету. Менавіта так, згодна з ізраільскім законам аб Памяці Катастрофы (1951), называюць людзей, якія тым ці іншым спосабам дапамагалі габрэйскаму насельніцтву, ратуючы яго ад знішчэння падчас Другой сусветнай вайны.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы званне «Праведнік свету» пасмяротна прысвоілі беларусцы Марыі Маісеенка, якая памерла ў 1963 годзе. Узнагароду - сведчанне аб званні і медаль - атрымаў сын Марыі - Аляксандр. Імя Марыі Маісеенка, сярод іншых герояў, ратаваўшых жыццё габрэяў у гады вайны, выгравіравана на сцяне мемарыяла Катастрофы (Галакосту) і гераізму Яд ва-Шэм, што знаходзіцца ў Ерусаліме на Гары памяці. Паводле звестак Інстытута Яд ва-Шэм, на рахунку якога знаходзіцца мемарыял, на 1 студзеня 2012 года, сярод прызнаных праведнікамі свету – блізу 570 беларусаў.

Як адзначыў у каментары амбасадар Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Іосіф Шагал, «для працэсу прызнання праведнікаў свету няма тэрміну даўніны».

«Як бясконцы пошук імёнаў людзей, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны, знішчаных фашызмам, так бясконцыя імёны людзей, якія ратавалі іх. Менавіта людзі беларускага народа - самага высакароднага і адважнага народа - ратавалі габрэяў, выдатна ведаючы, што яны рызыкуюць сваім жыццём і жыццямі сваіх дзяцей, і, тым не менш, рабілі гэта»,- сказаў дыпламат.

«Калі гавораць пра нейкі народ, заўсёды спрабуюць вылучыць нейкую адрозную ад іншых народаў якасць. Дык вось, для мяне, як для ізраільцяніна, паняцце «беларусы» - менавіта ў іх здольнасці ахвяраваць жыццямі ў імя чалавечага жыцця», - падкрэсліў ізраільскі пасол.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках