20 красавiка 2024, Субота, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Справа Сарочыка павінна быць перагледжаная

25
Праваабаронцы: Справа Сарочыка павінна быць перагледжаная

Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Платформа інавэйшн» звярнулася да Лукашэнкі з патрабаваннем даць справядлівую ацэнку справе аб збіцці вартаўніка аўтастаянкі Васіля Сарочыка.

Ліст «Платформа инавэйшн» накіравала 28 студзеня ў адміністрацыю Лукашэнкі, паведаміў БелаПАН кіраўнік праваабарончай структуры Андрэй Бандарэнка.

Падставай звярнуцца да Лукашэнкі з мэтай перагляду справы стала рэакцыяй праваабаронцаў на спыненне крымінальнага пераследу і расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС сталіцы, якія падазраваліся ў збіцці Сарочыка.

«Мы мяркуем, што праз адсутнасць належнай рэакцыі з боку праваахоўных органаў на факт збіцця Васіля Сарочыка менавіта Лукашэнка абавязаны забяспечыць захаванне законнасці ў дачыненні да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і пакаранне службовых асоб, якія бралі ўдзел у катаваннях», - гаворыцца ў лісце на імя Лукашэнкі .

Яго аўтары адзначаюць, што гэтая крымінальная справа чыніць шкоду аўтарытэту не толькі праваахоўнай сістэмы, але і Лукашэнку асабіста. Спасылаючыся на артыкулы Канстытуцыі Беларусі аб забеспячэнні дзяржавай свабоды, недатыкальнасці і годнасці асобы і доказную базу на карысць вартаўніка, «Платформа інавэйшн» просіць Лукашэнку «спрыяць давядзенню крымінальнай справы паводле факту збіцця спадара Сарочыка В.М. работнікамі міліцыі да прыняцця судовай пастановы».

Інцыдэнт з вартаўніком адбыўся 14 лістапада 2012 года. Са слоў Сарочыка, ён, не знаходзячыся пад следствам, цягам шасці гадзін цярпеў катаванні і збіццё з боку супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Менска, якія такім чынам спрабавалі прымусіць яго ўзяць на сябе віну за злачынствы, якія ён не ўчыняў.

Збіты вартаўнік звярнуўся са скаргай у пракуратуру, якая накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел Следчага камітэта. Затым працу прадоўжыла ўправа СК Менска. 13 снежня было абвешчана: следства прызнала падазраванымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае службовай асобай, відавочна якое выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў службы) чатырох службовых асоб Ленінскага РУУС сталіцы. Аднак ужо напрыканцы снежня справа была спыненая.

На прэс-канферэнцыі 15 студзеня Лукашэнка заявіў, што спачатку справа Сарочыка яго «ўсхвалявала», ён даручыў свайму памочніку Наталлі Пяткевіч даць падрабязную інфармацыю. «Пачалі разбірацца, і мяне праінфармавалі адразу ж, у той жа дзень, што нібыта жанчына там яго збівала. Але калі ўжо жанчына мужыка збіла, то ў мяне цікавасць знікла да гэтай тэмы», - заявіў Лукашэнка.

Андрэй Бандарэнка паведаміў, што прадстаўнікі «Платформы инавэйшн» «былі абураныя такой заявай Лукашэнкі».

«Была прынятая пастанова яшчэ раз звярнуцца да Лукашэнкі, як да гаранта Канстытуцыі, з просьбай разабрацца з фактам збіцця і пакараць людзей, якія ўжывалі катаванні ў адносінах да Сарочыка. Мы накіраваныя не столькі на грамадскі рэзананс, колькі на тое, каб Лукашэнка выконваў свае абавязкі. Ён, як гарант Канстытуцыі, не павінен дапускаць падобных выразаў: не важна, хто ўжывае катаванні, мужчына ці жанчына, галоўнае - факт катаванняў меў месца», - падкрэсліў праваабаронца.

Нагадаем, 23 студзеня намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук растлумачыў БелаПАН: расследаванне крымінальнай справы паводле факту збіцця вартаўніка Сарочыка было спыненае, таму што «ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі, на думку органаў папярэдняга расследавання, а гэта УСК Менска, не ўгледжаны склад злачынства».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках