19 красавiка 2024, Пятніца, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банк развіцця ідзе шляхам фінансавых пірамід

1
Банк развіцця ідзе шляхам фінансавых пірамід

Субсiдыярная адказнасць урада ў эмітаваных банкамі развіцця аблігацыях зусім не стала развітальным падарункам Сяргею Румасу.

Скажам так - ва ўладаў не было выбару, бо ўся сума вылічаных у трыльёнах аблігацый БР імгненна ператвараецца ў стос макулатуры праз адсутнасць забеспячэння.

На сённяшні дзень БР ужо выпусціў аблігацый на 8,94 трлн рублёў, і да 1 ліпеня эмітуюцца паперы яшчэ на 4,3 трлн. рублёў, з якіх на другасным рынку абарачаюцца толькі паперы на суму ў 540 млрд рублёў. Гэта былі наогул першыя аперацыйныя жывыя грошы, якія з'явіліся ў 2012 годзе ў БР дзякуючы продажу аблігацый аднаму з буйных беларускіх банкаў, піша АФН.

Астатнія аблігацыі на суму 12,7 трлн рублёў будуць выпушчаныя ў мэтах так званага выкупу актываў дзяржбанкаў - перадача на баланс БР выдадзеных Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам крэдытаў у рамках фінансавання дзяржпраграм. Схема зразумелая: БР прадае дзяржбанкам свае аблігацыі, а за атрыманыя грошы выкупляе ў дзяржбанка актывы. Гэта значыць, гаворка ідзе пра безграшовую перадачу актываў Банку развіцця з наступнай, праз некалькі гадоў, сплатай сваіх аблігацый. Такая безграшовая схема паспяхова ўжываецца для рэкапіталізацыі дзяржбанкаў.

На 1 студзеня 2013 года БР ужо выкупіў актывы на 8,4 трлн рублёў (у тым ліку Br 2,1 трлн у 2011 годзе) і да 1 ліпеня абмяняе на свае аблігацыі актывы дзяржбанкаў яшчэ на Br 4,3 трлн.

Пры гэтым жывыя грошы, акрамя згаданых 540 млрд рублёў, у банка з'явіліся толькі пад канец 2012 года пасля пастановы ўрада аб унясенні астатніх у фондзе нацразвіцця 3 трлн рублёў у статутны фонд БР. Гэта значыць, рэальнага забеспячэння ў папер БР напраўду няма, што і запатрабавала падпоркі з боку дзяржавы ў выглядзе субсідыярнай адказнасці.

Пры гэтым БР не плануе спыняцца на «дасягнутым». Як паведаміў Сяргей Румас, у 2013 годзе банк плануе прадаць беларускім банкам свае аблігацыі на суму блізу 1 трлн рублёў. Пры гэтым кіраўнік БР прызнаў, што разлічвае ў гэтым пытанні на адміністрацыйную падтрымку з боку Нацбанка РБ.

Прымаючы пад увагу заяву Румаса пра тое, што Банк развіцця будзе ўсімі сіламі старацца забяспечваць фінансаванне дзяржпраграм паводле стаўкі «ніжэйшай за стаўку рэфінансавання» (СР - 30% гадавых), намер БР прадаць банкам паперы на 1 трлн рублёў выклікаў галоўнае пытанне: каму будуць патрэбныя аблігацыі з прыбытковасцю ўдвая ніжэйшай за рынкавую (звыш 40% гадавых) (каб выдаць крэдыт умоўна са стаўкай 25% гадавых, прыбытковасць аблігацый банка не можа быць вышэйшай за 15-20%, інакш банк будзе працаваць са стратамі).

Аднак кіраўнік БР не стаў хаваць, што разлік робіцца на беднасць інвестыцыйнага партфеля беларускіх банкаў. Як вядома, Нацбанк РБ сёння выдае банкам падтрымку рублёвай ліквіднасці пад 50% гадавых без забеспячэння альбо пад 35% гадавых пад заклад каштоўных папер, уключаных у ламбардны спіс рэгулятара (аблігацыі Мінфіна, буйных беларускіх банкаў, аблігацыі Нацбанка РБ).

Такіх папер, «ухваленых» Нацбанкам, сёння і не стае ў банкаў для працы з рэгулятарам паводле «таннай» схемы (35% гадавых). Таму, перакананы Румас, уключэнне аблігацый БР у ламбардны спіс НБ РБ аўтаматычна выкліча попыт на гэтыя паперы з боку банкаў, нягледзячы на нізкую прыбытковасць.

Ніхто не сумняецца, што Нацбанк пойдзе насустрач просьбам Румаса і не толькі ўключыць каштоўныя паперы БР у ламбардны спіс, але і настойліва рэкамендуе асобным банкам абавязкова зрабіць разнастайным свой інвестыцыйны партфель праз новыя аблігацыі ад БР.

Румас таксама паведаміў, што ў 2013 годзе Банк развіцця мае намер атрымаць на замежных рынках звязаныя і незвязаныя крэдыты на суму блізу 200 млн даляраў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках