20 красавiка 2024, Субота, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Закрытая Беларусь. Вопыт украінскага «неўязнога»

52
Закрытая Беларусь. Вопыт украінскага «неўязнога»

Украінскі студэнт, які навучаецца ў ЗША, апынуўся ў спісе неўяздных у Беларусь.

Аповед аб гэтым здарэнні Віталь Мароз апублікаваў 3 студзеня на сайце Grassglobal.com (пераклад з украінскай - сайта charter97.org):

- Ноч у цягніку № 86 «Кіеў-Менск» абарвалася для мяне раптоўна.

«Адмоўлена ва ўездзе», - вердыкт маладога беларускага памежніка, які правяраў мой пашпарт на беларускай мяжы. Напярэдадні мне не без цяжкасцяў атрымалася дастаць квіток на гэты цягнік, каб наведаць сваякоў у Менску на навагоднія святы. Апошнія чатыры месяцы я вучуся ў ЗША, таму планаваў гэтую паездку яшчэ ўлетку. Здаецца, я прызабыў нечалавечыя рэаліі дыктатур.

Першыя дзесяць хвілін не веру ў такое развіццё сітуацыі, таму прыводжу з дзесятак прычын, чаму раніцай павінен апынуцца на чыгуначным вакзале сталіцы Беларусі. «Я вам паўтараю, у Менск вы не паедзеце, прычыну мы не ведаем», - голас беларускага памежніка канчаткова зганяе з мяне рэшткі сну.

У 2 гадзіны ночы 2 студзеня апыняюся на вуліцы з сабранымі «рэчамі на выхад» на станцыі Церахоўка - пункце ўезду ў Рэспубліку Беларусь. Сцішваю сябе тым, што я - не першы, чыя паездка з Кіева ў Менск завяршаецца ноччу высадкай з цёплага купэ ў марозную ноч без лішніх тлумачэнняў. Негалосна ў «чорных спісах» беларускіх уладаў - да 100 тысяч прозвішчаў звычайных людзей. Афіцыйна аб «чорных спісах» у Беларусі не гавораць.

З цягніка мяне суправаджае дзяўчына-памежніца. Мы ідзем марозным паветрам да аднапавярховых будынкаў памежзаставы. Будынкі ў амаль поўнай цемры нагадваюць ці то баракі, ці то домікі будаўнікоў. На адлегласці стаіць туалет - на яго паказваюць знакі «М» і «Ж». Хутчэй за ўсё, побыт тут не мяняўся на працягу апошніх гадоў трыццаці.

Перапытваю ў памежніцы, ці з'яўляюся я першым, каго не пусцілі ў гэтым годзе. Яна кажа: не, не першы. На календары - другая ноч новага 2013 года. «Калі ж вы будзеце жыць у нармальнай краіне?» - перапытваю ў маёй правадыркі. «Няхутка», - напаўголаса адказвае яна.

Беларускія памежнікі - даволі міралюбныя. На іх думку, яны проста выконваюць сваю працу. Мяркую, нябачная рука беларускага КДБ кіруе імі як сляпым інструментам чужой волі. Толькі гэта складана будзе растлумачыць маім сваякам. Апошні мой прыезд у Беларусь быў у ліпені. На працягу апошніх 30 гадоў я штогод ездзіў у Беларусь, законаў не парушаў, ніколі не было ніякіх праблем з перасячэннем мяжы.

Набіраю гэты тэкст на ноўтбуку, седзячы ў адміністрацыйным будынку памежнікаў. З мяне не спускаюць вачэй, кожны мой крок пад кантролем. Перада мной - стол, за якім сядзіць дзяжурны. Насупраць - «куток інфармавання», на дошцы - дзесяткі пухлых малюнкаў афіцыйных асоб, адчуванне саўка. У той жа час, сярод памежнікаў - пераважна маладыя людзі да 40 гадоў. Дзяўчаты на службе сочаць за знешнасцю.

«Малады чалавек, вы там сваё пішаце?» - вяла перапытвае дзяжурны. «Так, сваё», - адказваю. Я стараюся паводзіць сябе нязмушана, жартаваць, каб разглядзець за іх службовымі маскамі людзей. Перапытваю, ці ёсць у іх Інтэрнэт. Адказваюць: адкуль у лесе Інтэрнэт. Заўважаю двухпавярховыя ложкі ў бакоўцы, дзе начуюць памежнікі.

Мой пашпарт не аддаюць ужо паўгадзіны.

- Дзе мой пашпарт і квіток? - пытаюся ў памежніка.

- У старэйшага змены.

Я не чую і перапытваю:

- У старэйшага следчага?

- Не, у старэйшага змены - гэта не адно і тое ж.

Пашпарт яны аддадуць ужо толькі ў дызелі, у якім раніцай мяне адправяць ва Украіну. У пашпарце - сіні штамп «Уезд забаронены». Пры гэтым ніводнага дакумента, чаму забаранілі ўезд у Беларусь мне не пакажуць. Перапытваю, ці магу зноў паспрабаваць заехаць, каб убачыць сваіх сваякоў, Кажуць, што не ведаюць, тэрмін забароны можа скончыцца і праз некалькі дзён ці доўжыцца месяцамі. «Мы нічога не ведаем», - тыповы адказ.

Частка памежнікаў не верыць у сістэму, на якую яны працуюць. Гэта становіцца зразумелым пасля чатырох гадзін знаходжання на іх тэрыторыі.

Мяне пераводзяць у кабінет, які нагадвае навучальны клас. Вузенькі пакой з двума радамі парт з перавернутымі ўверх нагамі крэсламі. Перад тым, як размясціцца ў ім, памежнікі правяраюць, ці няма чаго ў шафе. Напэўна, каб я нічога не скраў. На адной з шафаў вісіць амбарны замок. Увесь час за мной назіраюць то адзін, то двое памежнікаў. Тут я правяду канец ночы. Прапаную беларусам частавацца цукеркамі, якія вёз сваякам. Тыя адмаўляюцца.

«Дзяўчына, а можна гарбаты папрасіць?», - пытаюся ў памежніцы, якая зазірнула на некалькі секунд у памяшканне. На некалькі секунд яна затрымліваецца ў дзвярах, недаверліва глядзіць, але ў рэшце рэшт кажа «добра». За некалькі хвілін прыносіць кубак з чорнай гарбатай з пакуначка. І папярэджвае: «вада не вельмі». Я перапытваю, што не так з вадой, мне тлумачаць, што вада не прывазная, а з мясцовай калонкі. На вуліцы - мінусавая тэмпература, у пакоі - не больш за +13. За чатыры гадзіны знаходжання паступова замярзаеш.

У амбасадзе Беларусі ў Кіеве консул параіў звяртацца ў амбасаду Украіны ў Менску для высвятлення прычын, з-за якіх мне забаронены ўезд.

Вучачыся ў амерыканскім ВНУ ў якасці стыпендыята праграмы імя Фулбрайта, мне даводзіцца рабіць прэзентацыі аб постсавецкіх рэаліях і сітуацыі з медыя. Адукаваныя амерыканцы цікавяцца астатнім светам, так яны спрабуюць зразумець чужое. За тыдзень у мяне будзе магчымасць нагадаць лішні раз маім прафесарам аб апошняй дыктатуры ў Еўропе. Дыктатуры, дзе калючы дрот, «чорныя спісы» для грамадзян і разбурэнне сямейных сувязяў узведзеныя ў ранг дзяржаўнай палітыкі.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках