29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНФ выступае супраць указа аб уладальніцкім наглядзе

2
БНФ выступае супраць указа аб уладальніцкім наглядзе

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у Савет міністраў зварот па праекце ўказу Лукашэнкі аб ўладальніцкім наглядзе ў адкрытых акцыянерных таварыствах.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе арганізацыі.

Дакумент тычыцца акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе пераўтварэння. Ён прадугледжвае прызначэнне упаўнаважаных прадстаўнікоў дзяржавы ў акцыянерныя таварыствы, дзе няма дзярждолі. На думку распрацоўшчыкаў, такім чынам будуць абароненыя правы мінарытарных акцыянераў - беларускіх грамадзянаў.

У звароце Партыі БНФ адзначаецца, што прапанаванае права прадстаўнікам дзяржавы галасаваць ад імя мінарытарных акцыянераў на агульных сходах АТ не будзе з'яўляцца эфектыўным сродкам абароны ўладальнікаў дробных пакетаў акцый.

У той жа час партыя прызнае значнасць праблемы, якую закранае прапанаваны праект. «З развіццём рынкавых адносінаў у краіне, асабліва ў кантэксце акцыянавання прадпрыемстваў і развіцця фондавага рынку, пытанне абароны правоў уласнікаў акцыянернага капіталу будзе набываць усё большую сацыяльную і палітычную значнасць. Палітычнае значэнне гэтага пытання вынікае з таго, што Беларусь знаходзіцца толькі ў пачатку працэсаў прыватызацыі і рэструктурызацыі гаспадарак, і падчас развіцця рынкавых адносінаў заканадаўча ўстаноўленыя механізмы вырашэння канфліктаў паміж кантралюючымі і мінарытарнымі акцыянерамі ў рамках таварыстваў будуць мець вялікае значэнне», - гаворыцца ў звароце.

Партыя БНФ лічыць, што прызначэнне адміністрацыйным шляхам ўпаўнаважанага, які будзе адстойваць інтарэсы дзяржавы як уласніка часткі акцыянернага капіталу, стварае сітуацыю канфлікту інтарэсаў. «Засяроджванне двух супярэчлівых функцый у руках прадстаўніка дзяржавы непазбежна нанясе шкоду інтарэсам усіх акцыянераў, не будзе служыць сродкам абароны правоў мінарытарыяў», - лічаць у партыі.

Асаблівую занепакоенасць Партыі БНФ выклікае тое, што прапанаваны механізм ўладальніцкага нагляду можа спрыяць карупцыі ў працэсе прыватызацыі.

Партыя БНФ прапануе адкласці прыняцце праекта ўказа аб ўладальніцкім наглядзе, правесці аналіз практыкі і перспектыў абароны правоў мінарытарных акцыянераў у Беларусі і за мяжой.

«Дзяржава з'яўляецца найменш эфектыўным уласнікам. А правы акцыянераў-мінарытарыяў - гэта правы дзесяткаў тысяч беларускіх грамадзян, якія ў выніку прапанаванага указа будуць фактычна пазбаўленыя рэальнага права на ўдзел у кіраванні сваёй уласнасцю. Больш за тое, пад пагрозу будуць пастаўленыя і правы буйных акцыянераў. Гэта асабліва небяспечна ў кантэксце інтэнсіфікацыі працэсаў акцыянавання і раздзяржаўлення ў беларускай эканоміцы. Вопыт выкарыстання падобных механізмаў рэгулявання сведчыць, што яны наносяць вялікую шкоду іміджу беларускай эканомікі і тым самым пазбаўляюць яе інвестыцыйнай прывабнасці, адштурхоўваючы ад краіны замежны капітал», - гаворыцца ў звароце.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках