29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскі суд прысудзіў тыбецкага манаха да пакарання смерцю

4
Кітайскі суд прысудзіў тыбецкага манаха да пакарання смерцю

Суд кітайскай правінцыі Сычуань прызнаў тыбецкага манаха Ларанга Канчока вінаватым у падбухторванні да самаспалення і прысудзіў яго да смяротнага пакарання з адтэрміноўкай выканання на 2 гады.

Як правіла, такі прысуд пасля замяняюць на пажыццёвае зняволенне, адзначае Reuters.

Пляменнік Ларанг Цэрынг, які праходзіў з ім у гэтай жа справе, атрымаў дзесяць гадоў турмы, паведамляе агенцтва «Сіньхуа». Абодва асуджаных таксама былі пазбаўленыя палітычных правоў: Ларанг Канчок - пажыццёва, Ларанг Цэрынг - тэрмінам на два гады, піша lenta.ru.

Да свайго арышту ў снежні 2012 года Ларанг Канчок быў чальцом брацтва будыйскага манастыра Кірці ў Нгава-Тыбецкага-Цянскай аўтаномнай акрузе КНР (аўтаномная акруга Аба). Паводле звестак абвінавачвання, у 2009 годзе манах далучыўся да тыбецкага сэпаратысцкага руху і пачаў дзейнічаць паводле загадаў Далай-ламы.

Спачатку ён інфармаваў лідараў руху аб розных актах самаспалення, а затым пачаў вербаваць новых ахвотных здзейсніць самагубства ў палітычных мэтах. Ларангу Канчоку ў гэтай дзейнасці, на думку следства, дапамагаў пляменнік.

Суд устанавіў, што манах падбухторваў да самаспальвання восем чалавек. Трое з іх загінулі ў 2012 годзе, а астатнія адмовіліся ўчыняць самагубства або з уласнай волі, альбо пасля ўмяшання паліцыі. На судзе Лоранг Канчок прызнаў сваю віну.

У Тыбеце досыць часта здзяйсняюцца самаспаленні, каб выказаць такім чынам свой пратэст супраць палітыкі Пекіна. З 2009 года такія самагубствы здзейснілі амаль 100 чалавек.

Улады КНР перакананыя, што за гэтымі актамі самаспалення стаіць духоўны лідар тыбецкіх будыстаў Далай-лама XIV. Урад Тыбета, што знаходзіцца ў Індыі ў выгнанні, гэтыя абвінавачванні адмаўляе, мяркуючы, што кітайскія ўлады адмыслова спрабуюць дыскрэдытаваць Далай-ламу.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках