19 красавiка 2024, Пятніца, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Atlantic: Пуціна чакае неспакойны год

10
The Atlantic: Пуціна чакае неспакойны год

Сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя сілы, якія спарадзілі пратэсты ў 2012 годзе, будуць і надалей фармаваць ландшафт у новым годзе.

«Бяспёры сярэдні клас па-ранейшаму адчувае смагу да палітычных зменаў, супярэчнасці ўсё яшчэ ахутваюць кіруючую эліту, а разрознены апазіцыйны рух працягвае змагацца за здабыццё свайго голасу», - адзначае Браян Уітмар, журналіст Radio Free Europe/Radio Liberty у выданні The Atlantic (пераклад - inopressa.ru).

Крэмль няздольны рашуча знішчыць нарастаючую апазіцыю, а апазіцыя не можа скінуць прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Расея ўступіла ў зону чакання, падобную на інтерлюдзію паміж дзвюма эпохамі.

«Я не думаю, што мы знаходзімся ў канцы пуцінскай эры, але мы ў пачатку канца», - сцвярджае спецыяліст па Расеі Эдвард Лукас, рэдактар брытанскага штотыднёвіка The Economist.

З эканамічным сустрэчным ветрам на гарызонце, канфліктам пакаленняў і развіццём новых палітычных сілаў расейскае грамадства мяняецца - і мяняецца хутка. Але палітычная сістэма застаецца закасцянелай.

Што мы можам чакаць ад 2013 года? Аўтар пералічвае некалькі тэндэнцый, за якімі варта сачыць у новым годзе.

Расейская эканоміка, як вядома, трымаецца на двух кітах - нафце і газе. І тое, і іншае апынецца ў гэтым годзе пад нарастаючым ціскам. Сусветныя кошты на нафту, якія вагаюцца паміж 90 і 100 далярамі за барэль, як чакаецца, захаваюць сваю пераменнасць ў агляднай будучыні. І любое рэзкае падзенне можа апынуцца катастрофай для расейскай эканомікі.

Энергетычныя эксперты і эканамісты кажуць, што расейскі бюджэт застанецца збалансаваным, калі кошты на нафту захаваюцца ў межах ад 100 да 110 даляраў за барэль. Пяць гадоў назад для збалансаванага бюджэту трэба было ад 50 да 55 даляраў за барэль. Тым часам дамінаванню Масквы на рынку прыроднага газу перашкаджае развіццё новых крыніц энергіі, такіх як сланцавы газ і СПГ.

«Аддзяленне коштаў на газ ад коштаў на нафту, вялікая колькасць звадкаванага прыроднага газу на сусветных рынках, рост аб'ёмаў сланцавага газу - усё гэта [скараціла здольнасць рэжыму] збіраць хабар за прыродныя рэсурсы», - кажа Лукас.

Вядучыя расейскія эканамісты, такія як віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч і былы міністр фінансаў Аляксей Кудрын, казалі аб неабходнасці дыверсіфікацыі расейскай эканомікі. Заклікалі да яе і Пуцін з прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым. Але, нягледзячы на ўсю гэтую рыторыку, на справе мала што змянілася.

Бо дыверсіфікацыя і мадэрнізацыя расейскай эканомікі пацягнулі б за сабой некаторую дэцэнтралізацыю і наступнае развіццё альтэрнатыўных цэнтраў эканамічнай улады. На думку Лукаса, гэта, у сваю чаргу, прывяло б да з'яўлення новых цэнтраў палітычнай улады з большай незалежнасцю ад Крамля, чым тая, якую стаў бы трываць Пуцін.

Аўтар таксама піша аб надыходзячым канфлікце пакаленняў у Расеі. Пуцін прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе энергічным маладым лідэрам, асабліва на фоне свайго папярэдніка Барыса Ельцына. Але праз дзесяць з лішнім гадоў ён і яго каманда сталі старэй. Ён мае намер застацца ва ўладзе, па меншай меры, да 2018-га, а то і да 2024 года. Да таго часу большай часткі прадстаўнікоў яго кіруючага кола будзе за 70. Параўнанні з Леанідам Брэжневым не выпадковыя.

«Адсутнасць інстытуцыйных механізмаў прасоўвання і ратацыі - гэта праблема, таму што, калі гэтага няма, маладое пакаленне прыходзіць у адчай, так як не бачыць магчымасцяў прасоўвання ў сістэме, - сцвярджае Нікалас Гвоздзеў, прафесар у сферы нацыянальнай бяспекі Ваенна-марскога каледжа ЗША. - Калі ўсё заблакавана, ствараецца трэнне. Нельга заблакаваць ўрадавы істэблішмэнт, таму што энергія людзей накіруецца на яго разбурэнне і замену, што стане небяспечным».

Аўтар таксама бачыць перспектывы ў «альянсу двух Аляксееў» - антыкарупцыйнага блогера Аляксея Навальнага і былога міністра фінансаў Аляксея Кудрына. Калі ў канчатковым выніку будзе пабудаваны мост паміж апазіцыяй і тэхнакратычным крылом эліты, гэта можа прывесці да палітычных рэформаў.

Пры гэтым лідэры апазіцыі пакуль не ведаюць, як ім паступаць у далейшым. «Працэс, які мы будзем назіраць у будучыні - гэта пачатак фрагментацыі апазіцыі, - адзначае Шон Галеоцці, навуковы супрацоўнік Цэнтра расейскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Пітсбургскага ўніверсітэта. - Мы ўбачым ідэалагічныя блокі, рэальны апазіцыйны рух, а не проста абагульненае: «Мы хочам Расею без пуцінізму». А гэта балючы працэс».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках