КДБ: Хакеры рассылалі паведамленні аб дэвальвацыі
171- 4.01.2013, 18:52
Абанентам мабільных аператараў МТС і Velcom рассылаліся паведамленні аб дэвальвацыі беларускага рубля.
Паводле папярэдняй інфармацыі, рассыланне ладзілася замежнымі хакерамі праз сэрвер, які знаходзіцца на тэрыторыі Індыі, паведамляе Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі.
«Папярэдне выяўлена, што рассыланне ладзілася праз сэрвер, які знаходзіцца на тэрыторыі Індыі, - адзначаецца ў паведамленні ЦІГС КДБ. - Аб прыналежнасці злачынцаў да замежнай дзяржавы сведчыць іхняя некампетэнтнасць, бо ў паведамленнях паказаныя сумы ў нацыянальнай валюце, якія ў Беларусі не знаходзяцца ў абарачэнні (18 тыс.116 беларускіх рублёў)».
Управай бяспекі ў сферы інфармацыйных тэхналогій КДБ праводзіцца разбор, выяўляюцца асобы, якія маюць дачыненне да правакацыйных дзеянняў, заявілі ў Камітэце дзяржбяспекі.
Раней SMS нібыта ад крыніцы з Нацбанку з інфармацыяй аб стромым падзенні беларускага рубля з 8 студзеня нарабіла шмат гуку ў сацыяльных сетках.