28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітрапаліт Філарэт: Свабода ёсць найвялікшы дар

222
Мітрапаліт Філарэт: Свабода ёсць найвялікшы дар

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы павіншаваў беларусаў з Божым Нараджэннем.

Мітрапаліт Філарэт звярнуўся да суайчыннікаў з Калядным пасланнем, піша «Народная воля».

«Разумеючы гэта сапраўды сусветнае значэнне Богаўвасаблення, мы ў той жа час адчуваем, што яно скіраванае да кожнага з нас. Ад вешчуна, носьбіта ўлады і ведаў, да сціплага пастуха - кожны закліканы пачуць Добрую вестку. І гэта таму, што сэрца чалавека - падмурак, на якім трымаецца дабрабыт свету, і з якога, наадварот, пачынаецца ягонае разбурэнне.

Гасподзь стварыў нас паводле вобразу Свайго, каб мы прыпадабніліся Яму. Але цуд тварэння чалавека палягае ў тым, што Бог дае нам магчымасць самім вызначыцца: жадаем мы ісці да богападабенства ці не. Свабода ёсць найвялікшы дар, але і важкі цяжар для тых, хто не гатовы зразумець яе як умову любові.

Ўвасабленне Хрыста Сына Божага - свабоднае дзеянне Бога, які любіць. І яго сэнс - аднавіць свабоду чалавека ў любові ў адказ.

Евангеліст Лука распавядае, як Святая Сям’я, выйшаўшы з Назарэта для ўдзелу ў перапісе, шукае прытулку ў Віфлееме. І мы бачым за гэтым апісаннем, як Гасподзь шукае месца, каб паказаць Сябе. Але ўсе Віфлеемскія дамы выяўляюцца занятымі.

Што можа быць больш красамоўным? Дамы і пакоі, якія з'яўляюцца вобразамі чалавечай душы, запоўненыя. І не так ужо і важна - хто пасяліўся там, якімі думкамі і пачуццямі поўныя душы, калі ў іх не знаходзіцца месца для Творцы.

Але вось цуд міласэрнасці Божага! Выбраўшы Сабе Маці пакорлівую Панну, Ён не грэбуе быць народжаным у пячоры, у звычайнай аборы для быдла. Нават калі род чалавечы не гатовы да ўрачыстай сустрэчы Бога, Ён усё роўна прыйдзе, убраны ў лагоду і пакору! «Таемна нарадзіўся Ты ў пячоры, - сведчыць Царква і адразу ж дадае: - але неба пра Цябе ўсім абвясціла» (вялікая вячэрня, трапар, голас 6).

Богаўвасабленне асвячае пячору нашага ўнутранага свету, ствараючы з яе царскія палацы. Як спяваецца на калядным набажэнстве: «Надышоў час нарадзіць, і не было нідзе месцы для начлегу, але, як палац прыемны, пячора Царыцы была паказаная» (трапар шостай гадзіны вячэрні Нараджэння Хрыстовага).

Любоў Бога, даходзячы да надмернай пакоры, чакае ад чалавека кроку ў адказ. Але, звяртаючыся да сведчання евангеліста Мацвея, мы выяўляем, што Нараджэнне Хрыстовае не ўсім прынесла радасць. Рэўнасць і зайздрасць, спароджаныя пыхай, не дазволілі прыняць Добрую вестку цару Іраду. Больш за тое, ён імкнецца зрабіць усё, каб не дапусціць ўваходжання Бога ў гістарычнае цела свету, - Ірад загадвае забіць усіх немаўлят, народжаных у Віфлееме.

Ад чаго ж сэрца чалавека так па-рознаму рэагуе на з'яўленне Святла, на прыйсце ў свет Творцы? У аскетычнай літаратуры сілы нашай душы часам прыпадабняюцца да жывёлін. Вол і асёл з Віфлеемскай пячоры, якіх мы бачым на абразах, рахмана прызналі ў Бога-немаўляці свайго Гаспадара. Але мы ведаем і пра аспіда і васіліска (гл. Пс. 90: 13), якія жывуць у сэрцы чалавека. Менавіта пра іх у Пісанні гаворыцца: з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, фальшывыя сведчанні, знявагі (Мф. 15: 19).

Таму, стоячы цяпер перад яслямі Хрыста, нам трэба разгледзець рухі ўласнага сэрца.

Што ў ім: рахманасць альбо нараканне, услаўленне альбо прыкрасць, падзяку або жаданне ўразіць блізкага?

Шмат якія мудрацы спрабавалі аблегчыць чалавеку гэты страшны цяжар выбару, падказваючы і тлумачачы патрэбу пільнавацца дабра. Але нашае сэрца ведае: сапраўдны выбар заўсёды адбываецца ў адзіноце, і за нас яго не зробіць ніхто іншы. Сацыяльны статус не здымае адказнасці за прынятыя пастановы, роўна як і адсутнасць статусу не апраўдвае нерашучасці і пасіўнасці перад абліччам зла.

У гэтым годзе ва ўсім свеце будзе адзначацца 1700-годдзе пастановы, якая сапраўды змяніла хаду гісторыі. У 313 годзе імпэратар Канстанцін выдаў знакаміты Міланскі эдыкт, за якім рушыла паступовае станаўленне хрысціянства ў якасці паноўнай рэлігіі Рымскай імперыі. Гэтая пастанова была прынятая невыпадкова: яна ажыццявілася на фоне і пад уздзеяннем пэўных палітычных, эканамічных, грамадскіх абставінаў. Але Царква ўбачыла, што ўсе бакі гэтай пастановы былі асвечаныя асабістай вернасцю імператара Хрысту, і менавіта таму ўславіла Канстанціна ў ліку святых.

Гады ішлі, і разам з несумнеўнымі дабротамі, прынесенымі Царкве Міланскага эдыктам, стала відавочна, што ў асяроддзі хрысціян вера пачала паволі астываць. Хрысціянства выбіралі не толькі як шлях збавення, але і ў знак лаяльнасці да ўлад, дзеля доступу да дзяржаўных прывілеяў.

Дарагія браты і сёстры! Кнігу гісторыі пішуць чалавечыя сэрцы. І тое, што адбывалася 1700 гадоў таму, адбываецца і ў нашы дні.

Дзякаваць Богу, у Беларусі добрыя стасункі паміж дзяржавай і Царквой. Мы развіваем супрацоўніцтва, кантактуючы на мове маральных каштоўнасцяў. Але сёння важна памятаць, што хрысціянства мае справу не толькі з супольнасцю людзей: яно звернутае да кожнай асобнай асобы. Гасподзь чакае ад нас пастановы: ці ўпусцім мы Яго ў наша сэрца або яна будзе занятае турботамі веку гэтага. Ці ёсць у нас золата веры, ладан малітвы і смірна пакаяння (гл. Мц. 2: 11), каб годна сустрэць Творцу?

На гэтыя пытанні кожны адказвае сам. Але сёння хочацца ўсіх заклікаць пакланіцца Хрысту, каб плады Ягонай любові адчуваліся ў кожным доме, у кожнай сям'і. Вось гэтыя плады: любоў, радасць, згода, доўгая цярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, рахманасць, устрыманне (Гал. 5: 22, 23).

Кожны чалавек хоча любіць і быць любым. Хай жа гэтыя святыя дні Нараджэння Госпада ў целе стануць для нас нагодай падзяліцца багаццем нашых душ з блізкімі. Хай Віфлеемская зорка пакажа кожнаму з нас шлях у сэрцы нашых сваякоў і калег, нашых суседзяў, сяброў і ворагаў, бо там, у сэрцы, - Хрыстос Бог наш. Пакінем мінулыя прыкрасці ды крыўды і памкнемся ў будучыню. Бо з намі Бог, Яму належаць і час, і прастора. Дзе Дух Ягонай любові, там і дом наш.

Зноў і зноў вітаю вас, дарагія беларусы, якія жывуць за межамі Айчыны, і зычу вам адчуць у калядныя дні адзінства народа Божага, над якім не маюць улады ўсялякія адлегласці.

Супакой вам ад Госпада, дарагія браты і сёстры», - гаворыцца ў пасланні мітрапаліта Філарэта.

Напісаць каментар 222

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках