Тозік паляцеў у Кітай
26- 22.10.2013, 10:31
- 9,481
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік 19-25 кастрычніка знаходзіцца з рабочым візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.
21 кастрычніка Тозік сумесна з намеснікам міністра камерцыі КНР Чжун Шанем правялі ў Пекіне 14-е пасяджэнне беларуска-кітайскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі «шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы гандлю і інвестыцый, ход выканання дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту дзяржаўнай дэлегацыі Беларусі ў КНР 15-17 ліпеня 2013 года, а таксама праект праграмы («Дарожнай мапы») развіцця адносінаў усебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі на 2014-2020 гады».
У гэты ж дзень адбылося 2-е пасяджэнне міжурадавага каардынацыйнага савета Кітайска-беларускага парку, на якім былі абмеркаваныя праблемы і перспектывы будаўніцтва парку. Па выніках пасяджэнняў бакі падпісалі адпаведныя дакументы.
22 кастрычніка Анатоль Тозік правядзе шэраг сустрэч з кіраўніцтвам міністэрстваў КНР, старшынёй народнага ўрада Харбіна Сун Сібінем, кіраўніцтвам Гандлёва-прамысловага банка Кітая і шэрагу найбуйнейшых кампаній, якія рэалізуюць праекты ў Беларусі (CAMCE; CITIC Construction Co., Ltd; Xuan Yuan).
23-24 кастрычніка віцэ-прэм'ер прыме ўдзел у адкрыцці беларускага павільёна на 14-м міжнародным кірмашы Заходняга Кітая ў Чэнду, а таксама выступіць на 6-м міжнародным форуме Заходняга Кітая. У гэты ж час запланаваныя сустрэчы Тозіка з віцэ-прэм'ерам Дзяржсавета КНР Ван Янам, кіраўніцтвам правінцыі Сычуань, а таксама наведванне новага завода па вытворчасці аўтамабіляў маркі «Вольва», карпарацыі «Джылі» і цэнтра навуковых распрацовак кампаніі Huawei.