28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Бізнес у дыктатарскай краіне вядзе ў турму

13
Андрэй Саннікаў: Бізнес у дыктатарскай краіне вядзе ў турму

Замежныя бізнесмены ў Беларусі рана ці позна сутыкаюцца з рэпрэсіямі ўладаў.

Латвійскае выданне «IR» піша пра кантакты паміж Рыгай і афіцыйным Менскам (пераклад - charter97.org). Журналіст Паўлс Раўдсепс адзначае, што іх колькасць вырасла ў апошні час. Нядаўна спікер парламента Латвіі падчас сустрэчы з беларускім амбасадарам выказала задавальненне актывізацыяй палітычнага дыялогу, а міністр эканомікі Даніэль Паўлютс і беларускі міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак пагадзіліся заахвочваць узаемныя інвестыцыі.

Выданне піша пра міжнародную канферэнцыю, якая прайшла ў Рызе ў верасні. На яе былі запрошаныя прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі. Таксама ў канфэрэнцыі браў удзел лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Выданне адзначае, што ён правёў за кратамі амаль паўтара года з-за таго, што выступіў супраць дыктатара на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. «Ён бачыў твар рэжыму Лукашэнкі і яго жорсткасць ва ўсіх праявах - ад неабгрунтаванага арышту да пагроз смерці ў турме», - піша латвійскі журналіст, адзначаючы, што палітык выйшаў на свабоду толькі дзякуючы санкцыям і ціску на беларускія ўлады з боку ЕЗ.

Выданне публікуе артыкул Андрэя Саннікава, прысвечаны ўзаемаадносінам паміж уладамі Беларусі і Латвіі. Прыводзім яго тэкст цалкам:

- Восьмая Рыжская канферэнцыя, якая прайшла ў верасні, была форумам высокага ўзроўню, на якім абмяркоўваліся актуальныя пытанні і праблемы сучаснасці. Арганізатары падкрэслілі, што яго мэтай было абмеркаванне «стварэння належнага асяроддзя для падтрымання і ўмацавання трансатлантычных адносінаў на аснове агульных каштоўнасцяў».

Гэта сапраўды так, але ў гэтым годзе на канферэнцыі быў адзін трывожны аспект. Арганізатары змянілі форму ўдзелу Беларусі. Сярод дакладчыкаў быў прадстаўнік урада «апошняй дыктатуры Еўропы».

Папярэднія канферэнцыі ў Рызе былі пляцоўкамі падтрымкі і салідарнасці з беларускімі дэмакратамі нават тады, калі ў Еўрапейскім звязе былі бачныя прыкметы «realpolitik». Беларускія дэмакратычныя актывісты маглі інфармаваць удзельнікаў аб рэальным становішчы спраў у нашай краіне. Нас слухалі і чулі, і не было месца для афіцыйнай прапаганды, якая сёння з'яўляецца асноўнай функцыяй МЗС Беларусі.

Рашэнне дазволіць прадстаўніку беларускага ўраду прымаць удзел у панэлі, на жаль, не з'яўляецца непаразуменнем. Латвія паслядоўна праводзіць у ЕЗ палітыку лабіравання з мэтай дамагчыся змякчэння пазіцыі ў дачыненні да дыктатуры на сваёй мяжы. Яна нават зайшла так далёка, што стварае шчыліны для беларускіх бізнесменаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЕЗ, а затым дае ім магчымасць выкарыстоўваць гэтыя шчыліны для экспарту праз свае парты.

Афіцыйныя асобы Латвіі тлумачаць гэта неабходнасцю ўлічваць інтарэсы бізнес-супольнасці, якая мае цесныя сувязі з беларускай эканомікай. Латвія сапраўды зайшла досыць далёка ў справе абароны і заахвочвання гэтых інтарэсаў, а дзеля таго, каб выратаваць жыццё палітычных зняволеных, ЕЗ варта скарачаць дзелавыя кантакты з Беларуссю.

Запрашэнне прадстаўніка дыктатуры - гэта менавіта тое, што трэба Лукашэнку: прызнанне і легітымацыя яго рэжыму ў Еўропе, дадатковыя інвестыцыі і ігнараванне найгрубейшых парушэнняў правоў чалавека. Ён адчайна мае патрэбу ў грошах Захаду для таго, каб падтрымаць свой рэпрэсіўны апарат, які становіцца ўсё больш дарагім. Пастаноўка эканамічных інтарэсаў вышэй каштоўнасцяў - гэта згубны шлях, які ніяк не адказвае рэальным эканамічным інтарэсам краіны, якая мае справу з дыктатурай. У дзяржаве, дзе адсутнічае вяршэнства закона, замежны бізнес нязменна сутыкнецца з негатыўнымі наступствамі.

Калі я быў у зняволенні ў Беларусі, адбываючы тэрмін за тое, што кінуў выклік дыктатару на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, я сустракаўся з многімі бізнесменамі з іншых краін. Іх гісторыі былі падобнымі. Іх кампаніі былі захопленыя або знішчаныя ў той момант, калі яны пачыналі прыносіць прыбытак і станавіліся прывабнымі для рэйдараў. На кожнага з іх аказвалі ціск і заводзілі крымінальныя справы, кожны з іх трапіў у турму, не жадаючы падпарадкоўвацца такім дзеянням уладаў. Нават за кратамі іх працягвалі падвяргаць вымагальніцтвам. Сярод іх былі і бізнесмены з Латвіі.

Гісторыя вучыць, што вядзенне спраў з любым дыктатарам можа прынесці кароткатэрміновыя дывідэнды, але ў канчатковым выніку негатыўныя наступствы пераважваюць любую выгаду ад «хуткіх грошай». Доўгатэрміновыя асабістыя і дзелавыя рызыкі вельмі высокія, не кажучы ўжо аб высокіх репутацыйных выдатках кампаній.

Латвія дабілася значных поспехаў у сваім развіцці і ў цяперашні час з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам Еўрапейскага звяза. У той жа час Латвія ведае, што значыць жыць у таталітарнай сістэме і пры дыктатуры. Поспехі Латвіі трывала заснаваныя на дэмакратычным развіцці краіны і агульных каштоўнасцях Еўрапейскага Звяза. У рамках Еўрапейскага звяза Латвія працягвае гаварыць на агульнай мове павагі правоў і свабод чалавека. На жаль, калі справа тычыцца яе паўднёва-усходняга суседа, рыторыка мяняецца. З яе знікаюць правы чалавека, а з'яўляюцца тэзісы аб «дыялогу і ўзаемадзеянні» з дыктатарам і аб неабходнасці абароны бізнес-інтарэсаў невялікай колькасці латвійскіх бізнесменаў.

12 кастрычніка аматарская хакейная каманда, якая складаецца з латвійскіх парламентароў, згуляла з камандай Лукашэнкі. На наступны дзень незалежная прэса адзначыла, што «дыктатар перамог латвійскі парламент». Латвійскія ўлады спрабуюць сцвярджаць, што «бізнес не мае нічога агульнага з палітыкай». Латвійскія парламентары паўтараюць, што «спорт па-за палітыкай». На самой справе, такі падыход і стаў часткай палітыкі Латвіі.

Лукашэнка не дурань. Гэта менавіта тое, што дазваляе яго рэжыму выжываць. Ён нястомна спрабуе аддзяліць эканоміку ад правоў чалавека: «Рэпрэсіі, катаванні, забойствы апанентаў, заключэнне пад варту нявінных не мае нічога агульнага з эканамічнымі інтарэсамі, якія вам бліжэй. Станьце маімі лабістамі ў сваіх краінах, каб прымусіць свой урад лабіраваць мае інтарэсы ў ЕЗ. Давайце сябраваць, займацца бізнесам і разам рабіць грошы».

На той жа канферэнцыі ў Рызе я быў вельмі рады сустрэцца з прэзідэнтам Валдзісам Затлерсам, якога вельмі паважаю. Калі ён быў прэзідэнтам Латвіі, мы сустракаліся на розных міжнародных форумах, і я заўсёды адчуваў яго непадробную цікавасць да сітуацыі ў Беларусі. Ён распавядаў мне, як цяжка было вытрымаць ціск «бізнес-лобі», якое дамагалася змякчэння пазіцыі Латвіі ў дачыненні да беларускіх уладаў. Ён таксама казаў, што не паддаўся гэтаму ціску.

Андрэй Саннікаў,

лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»,

кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 г.,

вязень сумлення 2010-2012 г.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках