20 красавiка 2024, Субота, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку хацелі даць прэмію за 57-кілаграмовага сома

7
Лукашэнку хацелі даць прэмію за 57-кілаграмовага сома

У Крамлёўскім палацы адбылася цэрымонія ўручэння «Срэбранай галёшы» - прэміі «за самыя сумніўныя дасягненні».

Вядучымі цэрымоніі былі Ксенія Сабчак і Аляксандр Гардон, піша utro.ru.

У гэтым годзе прэмія ўручалася ў сямі намінацыях. Пры гэтым толькі Мікіту Джыгурдзе перамога далася лёгка: ён стаў уладальнікам «Галёшы» ў намінацыі «Джыгурда стагоддзя» - «за ўклад ва ўсё, што рухаецца». Акрамя самога артыста на званне «Джыгурда» ніхто не прэтэндаваў.

Фотаздымкі Анастасіі Валачковай на фоне паводкі на Далёкім Усходзе, якія балерына апублікавала ў Instagram, журы прызнала годнымі прэміі ў намінацыі «Выклалі з розуму» . На ўзнагароду прэтэндавалі таксама журналістка Алёна Далецкая, якая выклала ў сацсетку свае аголеныя здымкі, бізнесмен і палітык Міхаіл Прохараў, які павіншаваў жанчын з 8 сакавіка «самастрэламі» ў туалетным люстэрку, і Рамзан Кадыраў «за фатаграфіі сваёй ежы яшчэ да яе прыгатавання».

У намінацыі «Чыноўнік года, або Крэсла растаецца з чалавекам» перамог былы міністр абароны Анатоль Сердзюкоў. Журы адзначыла яго «за вызваленне расейскага войска ад лішніх актываў, зямель і збудаванняў». Сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў гэтай намінацыі былі таксама Уладзімір Жырыноўскі, які прапанаваў пазбавіць рускую мову ад запазычаных слоў; Генадзь Анішчанка, які нядаўна пакінуў пасаду галоўнага санітарнага ўрача Расеі і доўгія гады вызваляў расейскі рынак ад розных прадуктаў, віцэ-прэм'ер Дзмітрый Рагозін («за намер стварыць міжпланетныя войскі») і міністр культуры Уладзімір Мядзінскі («за трапяткую любоў да мастацтва»).

«Гастарбайтэрам года» быў прызнаны Жэрар Дэпардзье, які атрымаў расейскі пашпарт. Ён здолеў абыйсці збеглага супрацоўніка ЦРУ і АНБ Эдварда Сноўдэна і Стывена Сігала, які ў пачатку кастрычніка стаў новым тварам канцэрна «Калашнікаў».

Барак Абама стаў уладальнікам статуэткі ў намінацыі «Плагіят года, або Блізнюк падкраўся непрыкметна». З прэзідэнтам ЗША, які нібыта скапіяваў перадвыбарчую кампанію Уладзіміра Пуціна, сапернічалі алімпійскі факел і Аляксандр Лукашэнка. Форму факела, нагадаем, палічылі падобнай на лагатып адной з марак рускай гарэлкі, а Лукашэнку абвінавацілі ў перайманні таго ж Пуціна: пасля таго як расейскі прэзідэнт злавіў важкага шчупака, беларускі кіраўнік заявіў, што вылавіў 57-кілаграмовага сома.

Нагадаем, беларускі кіраўнік распавёў, што на рацэ Прыпяць яму ўдалося вылавіць трох самоў.

«Я асабіста сома на 57 кг выцягнуў. 57, 24 і 7 кг - трох самоў злавіў», - адзначыў Лукашэнка.

За некалькі дзён да гэтага сваім уловам пахваліўся расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Шчупак, якога, паводле яго слоў, удалося злавіць падчас рыбалкі ў Тыве, важыў больш за 20 кг.

Прэмія «Срэбраная галёша» ў гэтым годзе ўручалася ў 17-ы раз.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках