19 красавiка 2024, Пятніца, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ і МТЗ заменяць беларускіх рабочых в'етнамцамі і карэйцамі

92
МАЗ і МТЗ заменяць беларускіх рабочых в'етнамцамі і карэйцамі

Найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы зазываюць мігрантаў з Паўднёва-Усходняй Азіі.

Гэта адбываецца з-за дэфіцыту працоўнай сілы, паведаміў старшыня рэспубліканскай асацыяцыі прамыслоўцаў (БелАПП) Анатоль Харлап.

«Сёння буйныя заводы, такія як МАЗ, МТЗ, МЗКЦ, заключаюць дамовы з Паўночнай Карэяй, В'етнамам, Таджыкістанам, іншымі краінамі і прымаюць на працу грамадзян гэтых краін. Вядома, так адразу іх да станка не паставіш, але нашы прадпрыемствы плацяць ім пад'ёмныя, даюць інтэрнаты, праводзяць навучанне», - распавёў Анатоль Харлап на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Савеце міністраў, якое прайшло ў чацвер у Менску.

Ён адзначыў, што праблема недахопу кваліфікаваных рабочых кадраў стаіць востра сёння не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым шэрагу краін Еўразвяза, і ў Расеі, перадае «Інтэрфакс».

Так, працягнуў Анатоль Харлап, расейскі ўрад дэклараваў праграму развіцця і мадэрнізацыі прамысловасці, у рамках якой у краіне плануецца стварыць больш за 20 тыс. высокакваліфікаваных працоўных месцаў, але кім будуць запоўненыя гэтыя месцы - разумення гэтага пытання няма». У Расеі маюць намер вырашаць гэтую праблему, у тым ліку, і за кошт адкрытай міграцыйнай палітыкі, сказаў кіраўнік БелАПП.

У Беларусі, звярнуў увагу ён, адпаведныя меры былі прынятыя раней, і сёння рэспубліка адкрытая для прыёму кваліфікаваных кадраў. Разам з тым ён адзначыў, што сёння многія праблемы ў расейскім грамадстве, і крымінальная сітуацыя ў прыватнасці, звязаныя з міграцыйнымі праблемамі.

«Дэмаграфічная вайна пагражае і нам. Адкрытая эканоміка будзе і ў нас развівацца. Гэта рэальнасць», - канстатаваў старшыня БелАПП.

Чыноўнікі ўжо заяўлялі пра тое, што колькасць гастарбайтэраў з краін Паўднёва-Усходняй Азіі ў Беларусі расце. Раней генеральны дырэктар ДВА «Менскбуд» Мікалай Малішэўскі распавёў пра тое, што працоўныя з КНДР будавалі шэраг аб'ектаў у Менску, у тым ліку, новую рэзідэнцыю Лукашэнкі. Паўночнакарэйскія будаўнікі жылі за горадам на спартыўнай базе і кожны дзень працавалі на аб'ектах «Будтрэста №7» і МАПІДа.

«У нас падпісаны пратакол аб намерах запрасіць у Менск да 500 чалавек з Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Нядаўна да мяне падыходзіў іх прадстаўнік. Кажа, вы занадта мала нам працы даяце. Мы гатовыя працаваць па 12 гадзін у дзень. Не паляць, не п'юць. Дысцыпліна ў іх жалезная», - казаў раней ён.

Практыка прыцягнення рабочых з краін Паўднёва-Усходняй Азіі ўсё шырэй распаўсюджваецца ў Беларусі з-за масавых уцёкаў грамадзян краіны на заробкі за мяжу. Вядома, што многія жыхары краіны з'язджаюць у Расею на сезонныя працы.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках