Лукашэнка піў гарэлку ў працоўны час
80- 1.11.2013, 7:46
- 115,218
Кіраўнік у чарговы раз парушыў уласны дэкрэт пра дысцыпліну.
Беларускія СМІ не паведамілі пра многія дэталі сустрэчы Лукашэнкі і Рафаэля Карэа Дэльгада, піша «Народная воля».
Аднак гэтых дэталяў не стала хаваць прэс-служба прэзідэнта Эквадора.
Па-першае, у Менску яго сустракалі не адзін, а два Лукашэнкі. Хоць раней малодшы сын беларускага кіраўніка ў хатніх мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню не ўдзельнічаў.
Па-другое, кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман раптам пакінуў абавязкі звычайнага загадчыка гаспадаркі і быў прызваны на перамовы.
Магчыма, таму, што заслаў-такі на мармуровую падлогу дарожкі. А то на саміце СНД прэзідэнты проста баяліся расцягнуцца на гэтай падлозе, паламаць рукі-ногі.
Па-трэцяе, сярод працоўнага дня ў парушэнне вядомага дэкрэта выпівалі. Ды не віно, а ўсё-такі гарэлачку.
Ну і па-чацвёртае, бакі павесялелі і абмяняліся каштоўнымі падарункамі.
Прэзідэнт Эквадора наведаў Менск з афіцыйным візітам учора. Падчас перамоваў кіраўнікі Беларусі і Эквадора ў вузкім і шырокім складзе бакі пацвердзілі ўзаемную цікавасць да ўмацавання супрацоўніцтва. Нагадаем, у чэрвені 2012 года Лукашэнка наведаў лацінаамерыканскую краіну з першым у гісторыі двухбаковых адносінаў афіцыйным візітам.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Эквадорам устаноўленыя ў 1993 годзе.