19 красавiка 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Белстат шукае дармаедаў

88

Улады зацікавіліся беларусамі, якія афіцыйна не працуюць.

Гэта вынікае з дакумента, які выявілі ў сваіх паштовых скрынях некаторыя жыхары Менска.

«Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь праводзіць выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак з мэтай вывучэння праблем занятасці насельніцтва, мэта якога - сабраць аб'ектыўную інфармацыю аб занятасці і беспрацоўі ў нашай краіне.

У ходзе абследавання грамадзяне адказваюць на пэўныя пытанні ў залежнасці ад узросту і сацыяльнага статусу. Занятае насельніцтва дасць адказы аб сваёй працы і характарыстыках працоўнай дзейнасці. Непрацуючыя - пенсіянеры, хатнія гаспадыні, студэнты, а таксама іншыя катэгорыі незанятых - падаюць інфармацыю аб тым, чаму яны не працуюць, і пра папярэдні вопыт работы, калі ён маецца», - гаворыцца ў дакуменце.

Збіраць патрэбную інфармацыю Белстат будзе з дапамогай апытання жыхароў Менска. У дакуменце, які трапіў у рэдакцыю сайта charter97.org, паведамляецца, што інтэрв'юер наведае адрасата з 19 па 23 лістапада 2013 года, гэта значыць на гэтым тыдні. Пра тое, якія канкрэтна пытанні будуць зададзеныя, невядома.

Дакумент падпісаны кіраўніком Белстата Уладзімірам Зіноўскім.

Падобныя апытанні праводзіліся і раней, аднак у гэтым годзе яны супалі з інфармацыяй аб падрыхтоўцы падатку на дармаедаў і з-за гэтага выклікалі негатыўную рэакцыю людзей.

Нагадаем, некалькі дзён таму ў «палаце прадстаўнікоў» паведамілі пра тое, што ў Беларусі падрыхтаваны праект дзяржаўнага рашэння, якое прадугледжвае спагнанне платы з грамадзян, якія не працуюць і не ўдзельнічаюць у фармаванні даходнай часткі бюджэту шляхам выплаты падаткаў, але з'яўляюцца спажыўцамі сацыяльных паслуг.

У снежні мінулага года прыняць меры ў дачыненні да грамадзян краіны, якія афіцыйна не працуюць, прапанаваў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.

«У нас каля 400 тыс. чалавек тых, хто не працуе ці фактычна працуе, сыходзячы ад падаткаў і тым самым таксама паразітуючы на сацыяльнай палітыцы дзяржавы», - заявіў віцэ-прэм'ер.

Важна адзначыць, што многія беларусы не маюць афіцыйнага месца працы альбо выязджаюць на сезонныя працы за мяжу з-за нізкіх заробкаў на тэрыторыі краіны. У першую чаргу гэта тычыцца рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках