Аляксандр Андрыеўскі: Апошняе месца? Спадзяваліся, што будзе лепш
3- 26.11.2013, 9:22
- 15,394
Экс-галоўны трэнер менскага «Дынама» распавёў пра сваё адхіленне ад пасады.
Аляксандр Андрыеўскі таксама выказаў упэўненасць, што гэтая каманда здольная на большае. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю «Прессболу».
- Шок, нечаканасць, дадзенасць - якое лепш слова падабраць для вызначэння вашых адчуванняў?
- Вядома, не першыя два. Любы трэнер павінен быць гатовы, што, калі каманда ідзе на апошнім месцы, яго могуць «папрасіць».
- Але няўжо летам не было відавочна, што такое месца ў табліцы на нейкім этапе вельмі верагоднае, і не абяцаўся карт-бланш?
- Не хацеў бы зараз разбіраць летнія падзеі і праводзіць нейкія паралелі з тым, што маем. На пераасэнсаванне і выклад патрэбны час, і ён - не цяпер.
- За палову «рэгуляркі» ўсплескі ў гульні каманды здараліся. Праўда, апошняя чорная паласа зацягнулася. З-за чаго?
- Лічу, усплескі ў нашай гульні былі і па ходзе цяперашняй чорнай паласы. Астатняе - пытанне псіхалогіі. І ў Магнітагорску, і ў Чэлябінску, і ва Уфе ў нас, што называецца, меліся варыянты. Але калі свае шанцы не выкарыстоўваеш, а прапускаеш - гэта моцна б'е па нервах. Тое ж і ў пятнічным менскім спатканні з «Салаватам»: да ліку 1:2 ні ў чым не саступалі суперніку. Акрамя аднаго - трэба было закінуць яшчэ хоць раз. А мы гэтага своечасова не зрабілі.
- У чарадзе паразаў каманда станавілася менш кіраванай?
- Ніколькі. Не памятаю дня, каб адчуваў нешта падобнае.
- Паклаўшы руку на сэрца: няўжо на старце восені не пралічвалі, што да яе фінішу такія пазіцыі ў табліцы цалкам верагодныя?
- Шчыра скажу: спадзяваліся, што будзе лепш. Лічу, гэты склад здольны на большае. Пытанне, мабыць, у напружванні пад ціскам псіхалагічнага грузу. Колькі разоў паўтараў на прэс-канферэнцыях: часам дапускалі такія памылкі, паходжанне якіх было проста незразумелым.
- Аб'ектыўна нізкі клас многіх выканаўцаў - не варыянт?
- Паўтараю, цяперашні склад здольны на большае, у гэтым упэўнены. І памылкі я проста канстатаваў, ніколі не разбіраючы персанальныя прамашкі і не даючы ім публічную ацэнку. Вы павінны гэта памятаць.
- Якія бліжэйшыя планы?
- Для пачатку - трохі перадыхнуць. У нядзелю раніцай злавіў сябе на думцы, што мінулая ноч была першай за апошні час, калі атрымалася нармальна выспацца.
Нагадаем, у сувязі з нездавальняючым выступленнем асноўнай каманды ХК «Дынама-Менск» і невыкананнем пастаўленых Наглядальным саветам задач Аляксандр Андрыеўскі 23 лістапада быў часова адхілены ад займанай пасады. Выконваючым абавязкі галоўнага трэнера ХК «Дынама-Менск» прызначаны старшы трэнер Любамір Покавіч.
Рашэнне аб адстаўцы галоўнага трэнера было прынята пасля паразы клуба ад «Салавата Юлаева».