3 траўня 2024, Пятніца, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пікет забаранілі па адной прычыне, а ў судзе назвалі іншую

1
Пікет забаранілі па адной прычыне, а ў судзе назвалі іншую

Зміцер Лупач, актывіст з Глыбокага, спрабаваў праз суд аспрэчыць забарону пікета салідарнасці з палітвязнямі.

Раённыя ўлады забаранілі пікет, бо ў райцэнтры змяніліся месцы для правядзення масавых акцый. Так было напісана ў афіцыйным лісце з выканкама. Але ў судзе раптам «усплыла» іншая прычына, па якой забарона ўладаў была прызнаная законнай, піша ПЦ «Вясна».

Прычыну, агучаную ў судзе, можна было б своечасова вырашыць, кажа Зміцер Лупач:

«Заяўку на 23 лістапада мы падавалі за паўтара месяца да гэтай даты. Але ў лісце за подпісам старшыні райвыканкама А.Морхата было напісана, што акцыю забараняюць, паколькі выканкам вызначыў іншыя месцы для пікетаў і мітынгаў. Гэтая адмова незаконная: калі старшыня райвыканкама піша, што новае рашэнне ўладаў праходзіць юрыдычную экспертызу і рэгістрацыю, то павінна дзейнічаць старое рашэнне, якога ніхто не адмяняў. Пра гэта я і пісаў у скарзе ў суд. Заяўляў, што права грамадзян на публічнае выказванне меркаванняў парушана, таму што не можа быць ніякага «перапынку» паміж дзеяннем старога і новага рашэнняў».

У судзе, распавядае актывіст, прадстаўнік юрыдычнага аддзела райвыканкама спачатку доўга тлумачыла, чаму наогул паўстала пытанне аб змене месцаў для масавых акцый. Аказваецца, там, дзе яшчэ можна было пікетаваць ў 2012 годзе, цяпер стала цесна: ДАІ папрасіла вызваліць месца для машын, якія прыязджаюць на тэхагляд.

Але з гэтым ніхто і не спрачаецца, кажа глыбоцкі актывіст:

«Месца, прапанаванае ўладамі зараз, не горш. Але потым прадстаўнік выканкама раптам успомніла, што я не падаў разам з заяўкай дамовы на абслугоўванне акцыі. Дык чаго ж тады адмаўлялі на іншай падставе? Каб не гэтая блытаніна з рашэннямі, старымі і новымі, мы б усё паспелі! Па законе аб масавых акцыях так яно і павінна было быць: улады даюць дазвол, і тады арганізатары заключаюць дамовы. А нам адразу - забарона, прычым на незаконнай падставе. Такое ўражанне, што ў выканкаме не ведаюць заканадаўства і не хочуць яго выконваць».

Ускосным пацвярджэннем гэтага Зміцер Лупач лічыць наступныя факты. Толькі ў судзе ён даведаўся, што новае рашэнне выканкама ўжо зацверджана і з 1 лістапада ўжо дзейнічае. Раённая газета «Вестник Глыбоччыны» пра гэта не паведамляла, а на сайце «раёнкі» рубрыка «Нарматыўныя прававыя акты» не працуе наогул. На абласным сайце цэнтра прававой інфармацыі ўжо не першы дзень вядуцца нейкія «тэхнічныя работы». Сайт райвыканкама толькі паведамляе, што ў ранейшае рашэнне пра масавыя акцыі ўнесеныя змены, якія пачынаюць дзейнічаць з дня апублікавання. Публікаваліся яны толькі на партале pravo.by, аднак нават гэтага жыхарам Глыбокага ніхто не тлумачыць.

«Апошні пікет у Глыбокім я праводзіў у 2011 годзе. Тады яшчэ не патрабавалі папярэдніх дамоваў на абслугоўванне, і атрымаць дазвол было рэальна. Дарэчы, тады мы таксама ўзнімалі праблему палітвязняў. Зараз наш выканкам узяў «на ўзбраенне» тактыку віцебскіх уладаў, якія і прыдумалі такую паслядоўнасць: спачатку дамовы, потым дазвол. А дамовы заключаць ніхто не будзе, пакуль улады не дадуць «дабро», - каментуе рашэнне суда актывіст руху «За Свабоду» Яраслаў Берніковіч.

Сапраўды, невыканальныя патрабаванні прыдумаў Віцебскі гарвыканкам яшчэ ў 2009 годзе. З тых часоў у абласным цэнтры не было дазволена ні адной акцыі па ініцыятыве прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Як ні даводзілі актывісты, што рашэнне парушае іх правы, а таксама перашкаджае рэалізацыі закона аб масавых мерапрыемствах, усё безвынікова. Медыцынскія службы адмаўляюцца ад дзяжурства на мітынгах і пікетах па любых магчымых прычынах, і нават праз суд прымусіць іх да заключэння дамоваў немагчыма. Абласное ўпраўленне МУС наўпрост адказвае арганізатарам, што будзе рабіць так, як загадана заканадаўствам: заключаць дамовы толькі пасля атрымання арганізатарамі дазволу, а рашэнне гарвыканкама №881 міліцыянты проста ігнаруюць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках