Пасяджэнне « саюзнага» Саўміна прызначылі 13 снежня
13- 26.11.2013, 12:24
- 7,935
Пасяджэнне Савета міністраў «саюзнай» дзяржавы запланавана на пятніцу, 13 снежня.
Паводле звестак БелаПАН, плануецца разгледзець пытанне аб узгадненні нафтавага балансу на 2014 год.
Пасля «саюзнага» Саўміна ў снежні плануецца правесці і пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай» дзяржавы з удзелам кіраўнікоў. Мяркуецца, што гэта пасяджэнне пройдзе ў Маскве 25-26 снежня.
Як паведамлялася раней, 21 лістапада ў рамках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Расеі. У яе ходзе была дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні ў бягучым годзе пасяджэння Савета міністраў «саюзнай» дзяржавы.
Нагадаем, першапачаткова пасяджэнне «саюзнага» Саўміна планавалася правесці 17 верасня бягучага года. Беларускі бок ініцыяваў разгляд на пасяджэнні пытання аб падпісанні нафтавага балансу, які прадугледжвае пастаўку расейскай нафты ў Беларусь на ўвесь 2014 год.
Аднак пасяджэнне Саўміна было перанесена на нявызначаны тэрмін. Адказваючы 11 кастрычніка на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што пасяджэнне «саюзнага» Саўміна не адбылося з-за крыўды Расеі на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніцтва «Уралкалію».
«Саюзны» Саўмін, праўда, па незразумелых прычынах ваш урад адмяніў, не паехаў з крыўдай на тое, што Керымава пакрыўдзілі. Калі гэта прычына, то мы пачакаем, вядома», - сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытанні расейскіх журналістаў.
У жніўні, калі рыхтавалася вераснёўскае пасяджэнне Саўміна «саюзнай» дзяржавы, праваахоўныя органы Беларусі затрымалі ў Менску генеральнага дырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, якому было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Прадстаўнікі Крамля настойвалі на неадкладным вызваленні Баўмгертнера, аднак беларускія ўлады заяўлялі пра вінаватасць апошняга.
19 лістапада стала вядома, што група АНЭКСІМ, адзін з найбуйнейшых інвестыцыйных фондаў у Расеі (належыць бізнесмену Міхаілу Прохараву), купіла акцыі былога саўладальніка «Уралкалію» Сулеймана Керымава. 21 лістапада беларускі бок перадаў Баўмгертнера праваахоўным органам Расеі.
Вядома таксама, што рашэнне пытання аб нафтавым балансе расейскі бок увязвае з ходам рэалізацыі двухбаковых праектаў у рэальным сектары эканомікі. У прыватнасці, у ліпені гэтага года Мінэнерга Расеі заявіла: пастаўляючы нафту ў Беларусь на бяспошліннай аснове, расейскі бюджэт нясе страты. Кампенсаваць гэтыя страты расейскі бок лічыць магчымым шляхам стварэння СП на базе буйных прадпрыемстваў Беларусі і Расеі.
У цяперашні час абмяркоўваецца магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў на базе МАЗа і КАМАЗа, Менскага завода колавых цягачоў, «Гродна Азота», «Інтэграла». Пры гэтым расейскі бок не раз выказваў незадаволенасць хуткасцю рэалізацыі такіх праектаў.