Карупцыя і падман пры будаўніцтве льготнага жылля пад Менскам (Відэа)
30- 26.11.2013, 12:30
- 20,785
Дом для льготнікаў у Сеніцы не могуць дабудаваць на працягу 7 гадоў.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў грамадзянскі актывіст Аляксандр.
«Наш дом у Сеніцы будуецца ўжо з 2006 года. Гэта будаўніцтва льготнага жылля для супрацоўнікаў МНС, вайскоўцаў, міліцыянтаў і шматдзетных сем'яў. Асабіста я працую ў МНС, а ў кааператыў уступіў у 2010 годзе. Тады яго старшынёй быў падпалкоўнік МУС Багдановіч. Ён вельмі доўга арганізоўваў будаўніцтва і краў грошы, таму мы яго знялі. Але праблемы на гэтым не скончыліся, бо ў яго быў намеснік, які да гэтага быў дырэктарам арганізацыі, якая называецца цяпер «Маналітград». Я пачаў пад яго капаць і знайшоў кучу дакументаў, якія пацвярджаюць, што ён усяляк затрымліваў будоўлю. У рэшце яго таксама прыбралі», - сказаў ён.
Мужчына падкрэсліў, што ў 2010 годзе квадратны метр жылля каштаваў 3 мільёна, у снежні 2012 года - 6 мільёнаў, а цяпер старшыня кааператыва ўсяляк хавае, што квадратны метр каштуе ў раёне 9,2 мільёна.
«На дадзены момант старшыня ўсяляк затрымлівае будаўніцтва. Калі мы яго выбралі, ён цэлы год не быў зацверджаны і толькі ў жніўні пачаў хадзіць на планёркі. Мяне і маю сям'ю за актыўную грамадзянскую пазіцыю ў інтэрнэце паласкалі брудам. Я пісаў заяву ў АБЭЗ і пракуратуру, але мне дасылаюць адпіскі. Мы з жонкай як ініцыятыўная група абабілі ўсе парогі: былі ў адміністрацыі Лукашэнкі, у Дзяржкантролі, на прыёме ў Макея, які казаў, што наш дом пад самым жорсткім кантролем, а старшыня КДК па Менскай вобласці пакляўся Якабсону, што ў лістападзе гэтага года дом здадуць. Пасля гэтага будоўля быццам бы пайшла - за тры месяцы мы паставілі скрынку, у лістападзе 2012 на вокны пералічылі 4,5 мільярда. На дадзены момант вокны стаяць не да канца, балконных рам таксама няма, а арганізацыя, якая гэтым займалася, вінная нам 3 мільярды, а 29 лістапада ў нас ужо павінны быць ключы. Гэта значыць, усе нас падманулі», - сказаў на заканчэнне Аляксандр.
Варта адзначыць, што гэта далёка не першы выпадак падману людзей, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве жылля.