Ашчадбанк Расеі прадаставіў крэдыт БелАЗу на $50 млн
17- 26.11.2013, 13:40
- 15,880
Крэдытная лінія на $50 млн адкрытая для кіруючай кампаніі холдынгу «БелАЗ-холдынг» (ААТ «БелАЗ).
Яна прызначаная для фінансавання бягучай дзейнасці прадпрыемства, паведамляецца ў прэс-рэлізе банка. «Адной з прыярытэтных задач карпаратыўнага бізнесу Сярэднярускага банка ў бягучым годзе з'яўляецца павелічэнне крэдытнага партфеля па трансгранічных здзелках. Мы пашыраем аб'ём супрацоўніцтва з адным з нашых найбуйнейшых кліентаў. Гэта ўжо не першая здзелка, якая адбылася паміж Ашчадным банкам і нашым беларускім партнёрам - прадпрыемствам «БелАЗ» у 2013 годзе», - заявіў віцэ-прэзідэнт Ашчадбанка Расеі - старшыня Сярэднярускага банка Ігар Артамонаў.
ААТ «БелАЗ» - адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці (ад 30 да 450 тон) з доляй на міжнародным рынку каля 25%. У 2012 годзе на заводзе было выпушчана крыху менш за 2 тыс. адзінак тэхнікі, у тым ліку больш за 1,5 тыс. кар'ерных самазвалаў «БелАЗ», выручка пры гэтым перавысіла $1 млрд.