У Глыбокім затрымалі незалежных журналістаў
7- 26.11.2013, 15:09
- 9,485
Журналістаў Вячаслава Пяшко і Анастасію Рэзнікаву даставілі ў РУУС і дапыталі.
Яны былі затрыманыя прыкладна ў 12 гадзін 26 лістапада на ўездзе ў Глыбокае. Журналісты ехалі рыхтаваць відэасюжэт для сайта газеты «Новы час», піша прэс-служба БАЖ.
Машыну, якой кіраваў Вячаслаў Пяшко, спынілі на ўездзе ў горад супрацоўнікі ДАІ. Праверыўшы дакументы, міліцыянты спачатку сказалі, што іх насцярожвае нумар кузава аўтамабіля. Пасля яны агледзелі багажнік і папрасілі праехаць з імі ў РУУС. Па словах міліцыянтаў, машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісанне махляроў у вышуку.
Спачатку на размову выклікалі Вячаслава Пяшко, а затым Анастасію Рэзнікаву. Прыкладна праз паўгадзіны абодвух вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. Размаўляў з імі старэйшы оперупаўнаважаны Мікалай Кватэра.
«Выглядала ўсё даволі падазрона», - падзяліўся з прэс-службай ГА «БАЖ» Вячаслаў Пяшко пасля вызвалення. На просьбу журналістаў паказаць «арыенціроўку» - апісанне прыкмет злачынцаў, на падставе якіх іх затрымалі, - міліцыянты прад'явілі нейкі непераканаўчы дакумент на кампутары з агульным апісаннем мужчыны «еўрапейскай знешнасці». Раздрукаваць дакумент адмовіліся.