Бітва за Украіну
33- 26.11.2013, 16:25
- 22,971
Заходняя прэса прысвячае рэдакцыйныя артыкулы падзеям у Кіеве.
Галоўнымі тэмамі сталі барацьба за еўрапейскую будучыню Украіны і аналіз матываў адмовы ўладаў краіны ад падпісання пагаднення з ЕЗ. Януковіч спрабуе выйграць час да выбараў, ці расейская «палітыка жорсткага ціску прыносіць плён»? Бруселю спяшацца няма куды: магчыма, прастора для манеўру з'явіцца, заўважаюць СМІ.
Першая «аранжавая рэвалюцыя» запоўніла Кіеў намётамі і прывяла да адмены сфальсіфікаваных выбараў, але не змагла пераканаць раз'яднаную Украіну аддаць перавагу Еўропе, піша The Times. Праз дзевяць гадоў, украінцы зноў выйшлі на вуліцы, але шмат што змянілася: з-за запалохванняў Уладзіміра Пуціна праеўрапейскія настроі становяцца ўсё мацней нават на рускамоўным усходзе краіны.
Сённяшнія акцыі пратэсту - гэта публічная праява барацьбы за тое, каму дастанецца палітычны капітал ад канчатковага развароту краіны да Еўропы, лічыць брытанскае выданне. Пакуль ствараецца адчуванне, што Віктар Януковіч паддаўся на пуцінскія пагрозы гандлёвай вайны, але адначасова цягне час: 25 лістапада прэм'ер-міністр краіны Мікалай Азараў назваў адмову ад падпісання пагаднення аб асацыяцыі «тактычным» ходам і намякнуў, што перагледжаны дакумент можа быць падпісаны ўжо ў наступным годзе. «Калі Кіеў можа пачакаць, то і Брусэлю спяшацца няма куды: магчыма, прастора для манеўру з'явіцца, - гаворыцца ў артыкуле. - Аднак Еўропа павінна цвёрда настойваць на выкананні базавых прынцыпаў пагаднення аб асацыяцыі».
Украінская эканоміка пакутуе ад высокіх коштаў на энергію і абслугоўванне даўгоў. Наступствы падпісання пагаднення з ЕЗ у кароткатэрміновай перспектыве таксама абяцаюць быць балючымі. Верагодна, Януковіч спрабуе адтэрмінаваць гэты боль і ўтрымаць Цімашэнка па-за палітыкай да выбараў 2015 года, аднак гэта небяспечная і эгаістычная стратэгія. «Калі яму не хапае смеласці не паслухацца Пуціна і накіраваць Украіну да еўрапейскага лёсу на ўмовах, прынятых усім рэгіёнам, натоўпы пратэстоўцаў у Кіеве павінны знайсці мужнасць, каб гэтага запатрабаваць», - заклікае The Times.
«Без Украіны Расея перастае быць імперыяй, з Украінай жа, падкупленай, а затым падпарадкаванай, Расея аўтаматычна ператвараецца ў імперыю», - напісаў Збігнеў Бжэзінскі 20 гадоў таму, пасля распаду СССР, нагадвае The Wall Street Journal. У сённяшняй барацьбе за Украіну стаўкі застаюцца ранейшымі.
Вярнуўшыся да ўлады ў мінулым годзе, Пуцін заняў яшчэ больш варожую пазіцыю ў адносінах да Захаду і задаўся мэтай аднавіць расейскую сферу ўплыву ў «блізкім замежжы». З-за накладзеных Масквой гандлёвых санкцый Кіеў ужо страціў 15 млрд даляраў і мог страціць яшчэ 500, калі б падпісаў пагадненне з ЕЗ.
«Украінскі ўрад раптам нізка пакланіўся Крамлю, - напісаў у Twitter шведскі міністр замежных спраў Карл Більт, даведаўшыся аб адмове ўкраінскіх уладаў. - Відавочна, палітыка жорсткага ціску прыносіць плён».
WSJ асуджае прапанову канцлера ФРГ Ангелы Меркель абмеркаваць лёс усходніх суседзяў на перамовах Расеі і ЕЗ, нібы гэтыя краіны не былі незалежнымі апошнія 22 гады.
На думку рэдакцыі, «незалежная Украіна, якая схіляецца да Захаду, зробіць Еўропу больш бяспечнай і ўскладніць для Пуціна аднаўленне рэваншысцкай расейскай імперыі».