3 лiстапада 2023, Пятніца, 14:48
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар-праўдаруб з Віцебска зноў крытыкуе ўлады

31
Лекар-праўдаруб з Віцебска зноў крытыкуе ўлады

Ігар Пастноў патрабуе сустрэчы з памочнікам Лукашэнкі.

Віцебскі лекар, які праз інтэрнэт крытыкаваў мясцовыя ўлады і стан медыцынскіх устаноў вобласці, просіць сустрэчы з памочнікам Лукашэнкі Дамашкевічам, каб распавесці яму пра новыя парушэнні.

Пасля крытычных выступленняў у жніўні гэтага года «лекара-праўдаруба», як празвалі яго журналісты, змясцілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Але і пасля гэтага ён не замоўк.

Ігар Пастноў ужо некалькі месяцаў працуе ў Віцебскім псіхіятрычным дыспансеры лекарам-нарколагам. Гэта новая пасада, на якую яго перавялі пасля прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

Але ён па-ранейшаму не згодны з рашэннем суда Віцебскага раёна і аспрэчвае пастанову аб прымусовым псіхіятрычным лячэнні. Пасля таго, як касацыйную скаргу адхіліў абласны суд, віцебскі ўрач звярнуўся вышэй - да старшыні абласнога суда.

Як перадае «Радыё Свабода», у новым звароце, кажучы аб становішчы калег, Ігар Пастноў зноў згадвае, што ў сістэме аховы здароўя Віцебскай вобласці нічога не змянілася. Яго змясцілі ў псіхушку пасля відэавыступлення ў інтэрнэце пра масавае прымусовае лячэнне ад алкагалізму работнікаў сельскай гаспадаркі і асоб без пэўнага месца жыхарства за дзяржаўны кошт, і цяпер ён не адмаўляецца ад сваіх крытычных заўваг:

«Я пацярпеў за бамжоў, таму што быў супраць, каб іх збіралі і шпіталізавалі, каб работнікаў сельскай гаспадаркі аўтобусамі ў бальніцы звозілі. І зараз усе тыя ж пытанні засталіся. Бальніцы не рамантуюцца, у тым ліку інфекцыйныя бальніцы, не дай Бог каму туды патрапіць. А дом для губернатара стаіць, пабудаваны за дзяржаўныя грошы! Ну, мяне зачынілі ў псіхушцы. А быў жа яшчэ і працяг!»

Працягам ціску на неабыякавых людзей Ігар Пастноў лічыць здарэнне з палітыкам Сяргеем Рыжовым, якога 16 лістапада забралі ў выцвярэзнік і там збілі. Цяпер па гэтым факце праводзіць праверку Следчы камітэт.

Пастноў нагадвае, што Сяргей Рыжоў быў сярод тых, хто заступаўся за яго падчас прымусовай шпіталізацыі. І пра гэта здарэнне лекар, які цяпер заступаецца за Рыжова, напісаў ліст памочніку Лукашэнкі Мікалаю Дамашкевічу. Запісаўся Ігар Пастноў і да яго на прыём - каб расказаць пра ўсё, што ён называе «фашызацыяй грамадства». Але ён не ўпэўнены, што на гэты прыём яго пусцяць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках